Беларуская Служба

Польскія перавозчыкі не спыняюць пратэсту на памежных пераходах з Украінай

23.12.2023 14:27
- Гэта мы з'яўляемся транзітнай краінай. Яны не могуць пастаянна выступаць з патрабаваннямі, а часам таксама павінны пайсці на саступкі.
Міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак сустрэўся з транспартнікамі PAP/Wojtek Jargiło

Польскія перавозчыкі не спыняюць пратэсту на памежных пераходах з Украінай у Дарагуску і Грэбэнным. Сёння міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак сустрэўся з транспартнікамі і праінфармаваў іх пра захады польскага ўраду.

Міністр Клімчак паведаміў, што будзе створана рабочая група для перагляду гандлёвага дагавору паміж Еўрасаюзам і Украінай.

-Украінскі бок нарэшце пагадзіўся на перамовы па гэтаму пытанні, бо да гэтага часу згоды не было.

Арганізатарка пратэсту на мяжы Аніта Ажыгала сказала, што перавозчыкі станоўча ацэньваюць сустрэчу з міністрам, аднак пратэст не спыняюць і чакаюць большых саступак з боку ўкраінцаў.

- Гэта мы з'яўляемся транзітнай краінай. Яны не могуць пастаянна выступаць з патрабаваннямі, а часам таксама павінны пайсці на саступкі.

Польскія транспартнікі патрабуюць забароны на рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з замежным капіталам, аднаўлення дазволаў на ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза для ўкраінскіх транспартнікаў, а таксама вырашэння праблемы з украінскай сістэмай электроннай чаргі, якая выклікае шмат крытыкі ў польскіх кіроўцаў.

Украінцы пагадзіліся павялічыць тэрмін знаходжання польскіх перавозчыкаў ва Украіне з 20 да 60 дзён. Гэта, аднак, польскага боку не задавальняе, таму што, паводле іх, у гэтым пытанні павінен дзейнічаць прынцып узаемнасці, то бок украінцы ўвогуле не павінны лічыць гэты час, як і Еўрасаюз не лічыць у адносінах да ўкраінскіх перавозчыкаў.

Акцыя пратэсту ў Дарагуску працягваецца з 18 снежня. Папярэдняя акцыя пратэсту ў гэтым месцы доўжылася з 6 лістапада па 11 снежня. Польскія перавозчыкі плануюць пратэставаць, пакуль іх патрабаванні не будуць выкананыя, таму, што ўкраінскія транспартнікі сталі для іх нядобрасумленнай канкурэнцыяй.

яс