Беларуская Служба

Дональд Туск звярнуўся да ўсіх палякаў з нагоды Калядаў

23.12.2023 17:12
Прэм’ер-міністр выказаў спадзяванне, што святы стануць для ўсіх палякаў часам міру, радасці і ўзаемнай дабрыні.
Дональд Туск звярнуўся да ўсіх палякаў з нагоды КалядаўKancelaria Prezesa Rady Ministrów

Напярэдадні Калядаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск выступіў з адмысловай прамовай, скіраванай да ўсіх палякаў, у тым ліку да сваіх праціўнікаў

- Я з павагай стаўлюся да вашых поглядаў і да вашых асцярог, я буду вам тлумачыць сваю рацыю, але найперш пільна буду слухаць тое, што вы гаворыце. Мая асноўная задача – каб кожны і кожная з вас, нягледзячы на тое, ці вы прыхільнікі ці жорсткія праціўнікі новага ўраду, адчувалі сябе ў Польшчы бяспечна і дома.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на вялікія выклікі, якія стаяць перад Польшчай і ўсім светам, падкрэсліўшы, што цяпер як ніколі важна, каб палякі трымаліся разам.

Туск таксама выказаў надзею на будучыню, падкрэсліўшы, што, нягледзячы на ​​цяжкасці, якія нясе жыццё, заўсёды ёсць падстава для аптымізму і веры ў лепшае заўтра.

- Я веру ў будучыню нашай нацыі, у сілу і рашучасць палякаў, якія, нягледзячы на ​​выклікі, заўсёды могуць знайсці шлях да згоды і супольных дзеянняў.

Прэм’ер-міністр завяршыў сваю прамову каляднымі пажаданнямі, выказаўшы спадзяванне, што святы стануць для ўсіх палякаў часам міру, радасці і ўзаемнай дабрыні.

яс