80 працэнтаў жыхароў Варшавы задаволеныя жыццём у сталіцы – паказвае апошняя справаздача даследавання патрэбаў і меркаванняў адносна функцыянавання горада. Даследаванне пад назвай «Варшаўскі барометр» праводзіцца з 2004 года і датычыцца найбольш важных сфер жыцця сталіцы.
Як паведаміў дырэктар Бюро стратэгіі і аналізу мэрыі Оляф Асіца, жыхары Варшавы амаль аднагалосна адзначалі моцныя і слабыя бакі свайго горада.
- Найбольш жыхароў задавальняе бяспека – Варшава – бяспечны горад, таксама грамадскі транспарт, які, на маю думку, найлепшы ў Польшчы. А калі мы паглядзім на канец спісу, то тут не будзе ніякіх сюрпрызаў – жыхары незадаволеныя недастатковай колькасцю парковак і заторамі на вуліцах, – адзначыў Оляф Асіца.
У мэрыі расказалі таксама, што апошнім часам жыхары горада вельмі вялікае значэнне прывязваюць да газонаў і паркаў. Гэтага віду інвестыцыі варшавяне пазначаюць для ажыццяўлення на сродкі грамадзянскага бюджэту. Гэта частка гарадскога бюджэту, аб размеркаванні якой вырашаюць жыхары.
Найбольш задаволеныя ўмовамі жыцця ў Варшаве жыхары раёну Беляны (Bielany), а найменш – жыхары раёну Таргувэк (Targówek). Для 77 працэнтаў апытаных важна ведаць пра мінулае сталіцы, і амаль палова заяўляе пра свой удзел у святкаванні ўгодкаў Варшаўскага паўстання 1944 г.
яс