Беларуская Служба

Урад Польшчы падпісаў дамову з фермерамі, якія блакуюць мяжу з Украінай

07.01.2024 08:10
Пасля падпісання пагаднення акцыя пратэсту на памежным пераходзе ў Медыцы прыпыняецца.
     ,
Брыфінг пасля сустрэчы міністра з фермерамі, ЖэшаўPAP/Darek Delmanowicz

Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Чэслаў Сякерскі (Czesław Siekierski) і прадстаўнікі пратэснага руху «Ашуканая вёска» падпісалі пагадненне аб спыненні блакады КПП з Украінай у Медыцы, паведаміла Падкарпацкі ваявода Тэрэза Кубас-Гуль.

Міністр паабяцаў задаволіць патрабаванні пратэстоўцаў.

«Пасля падпісання пагаднення акцыя пратэсту на памежным пераходзе ў Медыцы прыпыняецца на перыяд, неабходны для ўнясення заканадаўчых змяненняў», – гаворыцца ў пагадненні.

«Мы хочам вырашаць праблемы з фермерамі шляхам дыялогу, пры поўным партнёрскім абмеркаванні. Мы ўсведамляем складанасці сітуацыі ў сельскай гаспадарцы», – запэўніў падчас брыфінгу міністр Чэслаў Сякерскі.

Нагадаем, фермеры з «Ашуканай вёскі» пачалі блакаваць пераход у Медыцы з 23 лістапада мінулага года. 24 снежня яны заявілі, што спыняць акцыю пратэсту да пачатку студзеня, а ў выпадку выканання іх патрабаванняў могуць яе і не аднавіць. Але 4 студзеня блакада ўсё ж аднавілася.
Напрыканцы снежня ўрады Украіны і Польшчы ўзгаднілі план дзеянняў па спыненні блакады на мяжы.

Polsat News/аз