У Сейме Польшчы створаная парламенцкая следчая камісія па расследаванні сакрэтнай закупкі і гіпатэтычнага нелегальнага выкарыстання шпіёнскай праграмы Pegasus. Мэта камісіі – высветліць легальнасць закупкі і мэтанакіраванасць выкарыстання праграмы, якая была набытая папярэднім урадам.
У 2021 годзе журналісты высветлілі, што шэраг дзяржаў – перш за ўсё аўтарытарных, але таксама Венгрыя і Польшча, якія ўваходзяць у ЕС – вялі нелегальнае праслухоўванне апазіцыі. У выніку мінулагодніх выбараў, якія прайшлі ў Польшчы восенню 2023 года, польская апазіцыя атрымала большасць у парламенце і ў снежні сфармавала новы ўрад.
Паводле журналістаў, у Польшчы праграма Pegasus была закупленая ў абыход бюджэтных сродкаў у 2019 годзе. Пры гэтым папярэдні польскі ўрад, сфармаваны правымі сіламі, сцвярджаў, што нічога не ведае пра набыццё шпіёнскай праграмы. З журналісцкага расследавання вынікае, што паліцыя і спецслужбы вялі праслухоўванне тагачасных апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і журналістаў.
Праграму Pegasus, якая можа шпіёніць у рэжыме рэальнага часу за смартфонамі, распрацавала ізраільская кампанія NSO. Софт купляюць улады па ўсім свеце, каб змагацца з тэрарызмам і арганізаванай злачыннасцю. Праграма можа запісваць размовы, якія вядуцца па тэлефоне, счытваць геалакацыю і патаемна актываваць камеру. Па ацэнцы экспертаў, надзейнай абароны ад падобнага шпіёнскага софту на сёння не існуе.
вс