Беларуская Служба

Міністр аховы здароўя: Сексуальнае выхаванне будзе часткай медыцынскага выхавання ў школах

31.01.2024 15:39
Сексуальная адукацыя будзе часткай медыцынскага выхавання ў школах, абвясціла кіраўніца Міністэрства аховы здароўя Ізабэла Лешчына (Izabela Leszczyna). Яна патлумачыла, што ў рамках прадмета навучэнцы атрымаюць, сярод іншага, веды пра сексуальнае і рэпрадуктыўнае здароўе, каб пазбегнуць непажаданай цяжарнасці ў Польшчы.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneLarisa Rudenko/shutterstock.com

Падчас прэс-канферэнцыі ў сераду ў Варшаве, прысвечанай бяспецы здароўя жанчын, кіраўніца Міністэрства аховы здароўя Ізабэла Лешчына заявіла, што «экстраная кантрацэпцыя даступная ва ўсіх краінах Еўрасаюза і ў пераважнай большасці краін свету».

«Таблетка, якую мы хочам вывесці ў безрэцэптурны абарот, – гэта ellaOne, якая змяшчае ўліпрыстала ацэтат. Гэтае рэчыва не з'яўляецца абартыўным, але яно перадухіляе апладненне», – адзначыла кіраўніца Міністэрства аховы здароўя.

«Мы хочам, каб таблеткі з 15 гадоў адпускаліся без рэцэпту, таму што, паводле меркаванняў акушэраў-гінеколагаў, дзяўчынка дасягае поўнай палавой сталасці», – звярнула ўвагу Лешчына.

Яна дадала, што для жанчыны вельмі важна як мага хутчэй прыняць таблетку.

«Неабходнасць ісці да ўрача толькі зацягвае ўсю працэдуру, а ў такіх сітуацыях час вельмі важны», – дадала яна.

Чыноўніца падкрэсліла, «калі мы не хочам непажаданай цяжарнасці ў Польшчы, нам патрэбна адукацыя ў школах».

«Прафілактыка здароўя ў школах неабходная не толькі для таго, каб вучні пазнавалі сябе, гэта значыць сваю псіхіку, цела, арганізм, але і для таго, каб умелі распараджацца сваім часам, правільна харчавацца, мець самасвядомасць, што патрабуецца, у тым ліку, на ўзроўні сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя», – сказала кіраўніца Міністэрства аховы здароўя.

Экстраная кантрацэпцыя, якую звычайна называюць таблеткамі на наступны дзень, выкарыстоўваецца пасля неабароненага палавога акту або калі іншыя метады кантрацэпцыі апынуліся недастатковымі. Яна перадухіляе апладненне, блакуючы авуляцыю. Таблеткі прызначаныя для эпізадычнага ўжывання. Яны не могуць замяніць пастаянны метад кантрацэпцыі.

Таблетку ellaOne трэба прыняць як мага хутчэй, не пазней за 120 гадзін пасля палавога акту. Экстраная кантрацэпцыя не спыняе наяўную цяжарнасць.

PAP