Беларуская Служба

Былы дыпламат: лёс Тайваню залежыць ад перамогі Украіны

13.01.2026 13:03
Расія імкнецца аднавіць сваю імперыю, але гэта немагчыма без Украіны. Падобную палітыку праводзіць Кітай, для якога Тайвань – гэта ключавая краіна для аднаўленні сваёй імперыі.
Аўдыё
  • Дыпламат: Тайвань спадзяецца на перамогу Украіны

Дэмакратычны свет павінен аб’яднацца да прыструніць дыктатараў, кажа былы тайванскі пасол Лін Сун-Хуань у размове з Польскім радыё пра адносіны з Кітаем, Украінай і Расіяй.

Пры канцы снежня Кітай абвясціў пра пачатак ваенных манеўраў пад назвай «Стрэлы справядлівасці», якія імітуюць блакаду партоў Тайваню. Гэтыя вучэнні ў Пекіне назвалі папярэджаннем «сепаратысцкім сілам», яны пачаліся неўзабаве пасля заключэння Тайбэем найбуйнейшай у гісторыі здзелкі па набыцці зброі ў ЗША. Дзяржаўная кітайская тэлекампанія CCTV паведаміла, што асноўная тэма вучэнняў – «блакада» ключавых тайванскіх партоў, уключаючы Кілунг на поўначы і Гаосюн на поўдні.

Гэтыя вучэнні служаць сур'ёзным папярэджаннем сепаратысцкім сілам, якія імкнуцца да «незалежнасці Тайваню», і сілам знешняга ўмяшання, – заявіў Шы І, прадстаўнік кітайскага Усходняга тэатрe ваенных дзеянняў.

Чаму лёс Тайваню настолькі важны для Кітаю, ці ёсць нейкія паралелі з пытаннем Крыма ва Украіне? Пра Польскае радыё паразмаўляла былым амбасадарам Тайваню Лін Сун-Хуанем.

— Па-першае, дазвольце мне растлумачыць стратэгічнае значэнне Тайваню для ўсяго свету. Без разумення важнасці Тайваню вы не зразумееце, чаму маленькі востраў такі важны. Тайвань знаходзіцца ў цэнтры першага астраўнога ланцуга заходняй дэмакратыі, і ў самай сярэдзіне. Генерал МакАртур казаў, што Тайвань – гэта непатапляльны авіяносец. Такім чынам, ужо ён разумеў, што Тайвань стратэгічна абараняе ўсю заходнюю дэмакратыю. Ён у цэнтральнай кропцы, як галоўны шлюз доўгага ланцуга астравоў. Гэты астраўны ланцуг пачынаецца з Японіі, Паўднёвай Карэі, потым ідзе Тайвань, Філіпіны, а затым Малайзія, Сінгапур, Аўстралія і Новая Зеландыя. Тайвань знаходзіцца ў цэнтры. З-за гэтага астраўнога ланцуга кітайскі камуністычны рэжым, іх флот, не змогуць пагражаць заходнім дэмакратыям. Калі яны хочуць пашырацца, ім трэба прарвацца праз Тайвань, а потым пашырацца, пагражаючы Гуаму, Гаваям, Каліфорніі, ЗША і Японіі і Філіпіны. Вядома, калі Філіпіны ўпадуць, Сінгапур, Малайзія, Аўстралія, Новая Зеландыя – усе будуць у небяспецы.

Такі ж стратэгічны расклад быў і падчас Другой сусветнай вайны, зазначае наш суразмоўца.

— Японская імперыя выкарыстоўвала Тайвань як перадавую базу для нападу на Філіпіны, нападу на Інданезію, а потым на Аўстралію. Сёння Тайвань для заходняй дэмакратыі мае не толькі стратэгічнае значэнне, але і зʼяўляецца высокатэхналагічнай галіной прамысловасці. Тайвань вырабляе больш за 80% высакаякасных паўправадніковых чыпаў для ўсёй сусветнай цывільнай і ваеннай прамысловасці. Таму калі Тайвань будзе страчаны, тады камуністычны рэжым Кітая не можна будзе спыніць. Ніхто не зможа іх стрымаць. Гэта як велізарны цмок. Ён вырвацца на волю і пачне выкарыстоўваць сваю гвалтоўную сілу, каб пагражаць усяму свету. На той момант ані Аўстралія, ані ЗША не змогуць яго спыніць. Вось чаму ЗША ўжо зразумелі, што Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, асабліва Тайвань, настолькі важны. А яшчэ побач з Тайванем ёсць невялікі востраў пад назвай Цзіньмэнь. Ён таксама вельмі важны. Гэта як Крым для Украіны.

Таму тайванцы разумеюць за што змагаецца Украіна. Яна не толькі сябе бароніць, але і ўсю Еўропу. Таксама і ў нас, кажа амбасадар

— Тайвань робіць тое ж самае. Востраў Цзіньмэнь размешчаны прама перад лініяй фронту кітайскай камуністычнай улады. Такім чынам, утрымліваючы Цзіньмэнь, а на поўначы ёсць яшчэ адзін невялікі востраў пад назвай Мачу, гэта таксама тэрыторыя Тайваню. Гэтыя два астравы не дазваляюць Кітаю наўпрост пагражаць Тайваню. Таму, утрымліваючы Тайвань, мы можам лёгка выявіць перамяшчэнне кітайскіх вайскоўцаў на лініі фронту. Гэта таксама не дазваляць Кітаю прарвацца і пагражаць іншаму галоўнаму востраву пад назвай Пескаторэ, які цяпер на мандарынскай мове мы называем Пэнху. А потым галоўны востраў Тайваню. Такім чынам, Цзіньмэнь для нас настолькі важны, што мы размясцілі там больш за 4 тысячы вайскоўцаў, для абароны нашай нацыянальнай бяспекі.

Кітай праводзіць вучэнні ў Тайванскім праліве, ці вы бачыце ў гэтым прыкметы большай эскалацыі, якая можа прывесці да рэальнай адкрытай агрэсіі з гэтага боку Кітая? Ці паспрабуе Кітай непасрэдна ўварвацца або атакаваць Тайвань? Ці лічыце вы, што ЗША прыйдуць вам на дапамогу, падтрымаюць вас?

— Гэта вельмі важнае пытанне не толькі для Еўропы, але і для ўсяго свету. Насамрэч, сітуацыі Тайваню і Украіны вельмі падобныя. Існуе ўзаемасувязь паміж вайной ва Украіне і сітуацыяй на Тайвані. Таму што дэмакратыя, міжнародны свет, які ўсталяваўся пасля Другой сусветнай вайны, знаходзіцца пад пагрозай з боку еўразійскіх дыктатур. Украіна сутыкаецца з уварваннем Расіі. Тайвань пастаянна сутыкаецца з пагрозай з боку Кітая. Такім чынам, вайна ва Украіне таксама ўзаемазвязана з Тайванем. Таму што ўсе аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку Пуцін і Сі Цзіньпін, насамрэч з'яўляюцца фактычнымі саюзнікамі. Кітай заўсёды дапамагае, нават цяпер, Расіі працягваць вайну ва Украіне. Таму што з пункту гледжання Кітая, вайна ва Украіне не павінна спыняцца. Таму што, калі вайна ва Украіне спыніцца, то ўвага Захаду, у тым ліку ЗША, і іх ваенная моц змогуць быць пераключаны на Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, каб супрацьстаяць Кітаю. Гэта тое, чаго Кітай не хоча бачыць. Яны бачыць, што вайна ва Украіне адцягне ўвагу Захаду, энергію і бюджэт таксама.

Таму Кітай працягвае купляць расійскую нафту, працягвае пастаўляць ваенныя дэталі, тэхналогіі падвойнага выкарыстання, у тым ліку беспілотнікі, што дазваляе Расіі працягваць вайну. Вось чаму мы вельмі спачуваем Украіне, зазначае дыпламат.

— Нягледзячы на тое, што ў нас няма поўных дыпламатычных сувязяў з Украінай, Тайвань робіць усё магчымае, каб дапамагчы Украіне. Мы аказваем не толькі медыцынскую дапамогу, але і гуманітарную, з генератарамі і іншым абсталяваннем, каб дазволіць украінскаму народу перажыць суровую зіму, справіцца з адсутнасці энергіяй і іншымі пакутамі. Мы спадзяёмся, што ўкраінскі народ зможа абараніць сябе і ў рэшце рэшт выйграць вайну. Хоць мы разумеем, што Украіне цяжка, але я ўпэўнены, што многія дэмакратычныя краіны, у тым ліку Тайвань, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, у рэшце рэшт падтрымаюць Украіну любым спосабам, каб яна пераадолела вайну і аднавілася. Гэтаксама заходняя дэмакратыя не павінна забываць пра Тайвань. Калі Тайвань трапіць у рукі дракона, магу запэўніць вас, што дракон зможа адкрыта падтрымаць мядзведзя. І тады мядзведзь будзе пагражаць не толькі Украіне, але і ўсёй Еўропе.

Пуцін не спыніцца на Украіне, папярэджвае дыпламат.

— Пуцін не спыніцца на Данбасе. Нават Крыма яму недастаткова. Расія будзе пагражаць усім суседнім краінам. У Пуціна і Сі Цзіньпіна падобны менталітэт і падобная псіхалогія. Яны хацелі б аднавіць гістарычную славу дзвюх імперый. Адзін – Расіі, Савецкага Саюза. Крэмль хацеў б вярнуць тое, што, на іх думку, належыць Расіі. Не толькі Украіну, але і Польшчу, усе тры краіны Балтыі, Малдову, нават Славакію, Румынію. Гэтага хоча Пуцін. Ён не спыніцца. Сі Цзіньпін такі самы. Сі Цзіньпін лічыць, што ў яго ёсць святая місія: аднавіць вялікую дзяржаву Паднябесную Кітайскую імперыю. Кітайская імперыя была багатая не толькі ў Кітаі. Часткова яна ахоплівала ўсё Паўднёва-Кітайскае мора, уплывала на азіяцкія краіны, нават Карэя была пад уплывам Кітайскай імперыі. Менавіта таму Кітай дазваляе разбураць міжнародны парадак, заснаваны на правілах і статус-кво. Я лічу, што вайна прыйдзе не толькі на Тайвань, але і ў Японію, Карэю. Таму што ўсе гандлёвыя шляхі Японіі і Карэі, пастаўкі энергіі, уся нафта, увесь экспарт, вытворчыя дэталі, крыніцы – усё гэта праходзіць праз Тайванскі праліў. Гэты праліў стане ўнутраным морам Кітая, калі Тайвань упадзе. Не толькі наша перадавая прамысловасць мікрасхем, але і паўправадніковая прамысловасць, а таксама высокія тэхналогіі – усё гэта трапіць у рукі Кітайскай імперыі. Пасля гэтага цмок стане занадта магутным, і ніхто не зможа справіцца з такім велізарным цмокам у хаўрусе разам з мядзведзем.

Ніхто нават сабе не ўяўляе цяпер, якой можа быць такая вайна. Я звяртаюся да ўсяго свету, у тым ліку да сяброў у Польшчы, ва Украіне: мы спадзяёмся, што ўвесь свет зможа працаваць разам, і будзе разглядаць напад на адну краіну, напрыклад, на Украіну ці Тайвань, як напад на ўсіх. Міратворчасць цяпер – не самае добрае рашэнне. Я лічу, што ўвесь дэмакратычны свет павінен працаваць разам і ўмацоўваць супрацоўніцтва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч