У садзейнічанні нелегальнаму перасячэнню мяжы падазраюцца двое латышоў, украінец і беларус; усе накіроўваліся ў пазначаныя месцы, каб забраць мігрантаў.
Як паведаміла ў пятніцу прэс-сакратар Падляшскага аддзелу Памежнай службы маёр Катажына Здановіч, у вёсках Бернікі і Кшыштафорава патрулі памежнай службы спынілі для праверкі аўтобус з брытанскімі нумарамі і BMW з латвійскімі нумарамі. За рулём знаходзіліся двое латышоў 50 і 47 гадоў.
Высветлілася, што яны накіроўваліся ў дамоўленыя месцы па навігацыйнай інструкцыі і павінны былі забраць людзей, якія нелегальна перасеклі мяжу з Беларусі ў Польшчу. Яшчэ двух курʼераў затрымалі ў Сіджы: гэта 28-гадовы ўкраінец і 22-гадовы беларус. Высветлілася, што яны абодва збіраліся забраць нелегальных мігрантаў.
За дапамогу ў незаконным перасячэнні мяжы кіроўцам пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Ім таксама будзе забаронены ўезд у краіны Шэнгенскай зоны.
Цягам 2023 года колькасць затрыманых супрацоўнікамі Падляшскага аддзелу Памежнай службы падазраваных у дапамозе або арганізацыі нелегальнай міграцыі праз мяжу з Беларуссю і Літвой перавысіла 600 чалавек.
Сёлета было затрымана 20 чалавек, датычных да арганізацыі незаконнага пераходу польска-беларускай мяжы.
РАР/вх