Пачаўся набор на чатыры праграмы падтрымкі рэалізацыі прыярытэтаў польскага старшынства. Агулам на іх было выдзелена амаль 30 мільёнаў злотых.
Віцэ-міністр па еўрапейскіх справах Магдалена Сабковяк-Чарнэцка (Magdalena Sobkowiak-Czarnecka) падкрэсліла, што польскія ўлады хочуць, каб гэта былостаршынства адкрытасці і дыялогу.
«Мы хочам, каб гэта было старшынства, якое адбывалася не толькі ў вялікіх, закрытых памяшканнях у Варшаве, але каб усе грамадзяне ўдзельнічалі ў польскім прэзідэнцтве, якое адбываецца раз на чатырнаццаць гадоў, гэта толькі наша другое старшынства ў Радзе Еўрасаюза», — падкрэсліла Магдалена Сабковяк-Чарнецка.
Асноўная праграма «Сінэргія» адрасавана няўрадавым арганізацыям і органам мясцовага самакіравання.
«Усе мерапрыемствы гэтай праграмы, якія атрымліваюць фінансаванне, афіцыйна становяцца часткай культурнай праграмы прэзідэнцтва. Яны будуць рэалізоўвацца са студзеня па чэрвень, як і наша старшынства. У рамках гэтай праграмы мы будзем фінансаваць ініцыятывы на нізе, партнёрства і мясцовыя ініцыятывы, якія будуць будаваць ідэнтычнасць мясцовых супольнасцей. Мы вельмі хацелі б, каб ініцыятывы, якія прасоўваюць еўрапейскія ідэі праз культурную дзейнасць у агульных прасторах, мелі дачыненне да гэтай праграмы, — сказала Марта Ценкоўска (Marta Cienkowska), намесніца міністра культуры.
На рэалізацыю праграмы выдзяляецца 5 мільёнаў злотых. Мінімальны памер фінансавання — 25 000 злотых, максімальны — 100 000 злотых. Неабходна толькі 5 працэнтаў уласнага ўнёску.
Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны таксама вырашыла ўнесці прыярытэты прэзідэнцтва ў тры праграмы, якія ўжо ёсць. Гэта праграмы «Мастацкая адукацыя — старшынства Польшчы ў ЕС 2025», «Прасоўванне польскай культуры за мяжой» і «Натхняльная культура».
Заяўкі на атрыманне фінансавання можна падаць на працягу наступнага месяца.
1 студзеня 2025 года Польшча ў другі раз прыме старшынства ў Радзе Еўрасаюза і будзе ўзначальваць яе работу на працягу паўгода.
IAR/вх