Беларуская Служба

У Польшчы адзначаецца 24-ы Папскі дзень

13.10.2024 13:12
Як і кожны год, у гэты дзень ладзіцца збор сродкаў на стыпендый для таленавітай моладзі з малазабяспечаных сем'яў.
      Totus Tuus
Фонд «Плён новага тысячагоддзя» ўручае прэміі Totus Tuus у рамках Папскага дняPAP/Tomasz Gzell

Сёння ў Польшчы і польскіх суполках за мяжой адзначаецца 24-ы Папскі дзень. Як і кожны год, ён суправаджаецца зборам стыпендый для таленавітай моладзі з малазабяспечаных сем'яў. Гэта вялікая дапамога, а «Ян Павал ІІ натхняе нас на нешта большае», кажуць Польскаму радыё стыпендыяты.

- Для мяне гэта ўзор ды напамін пра тое, каб імкнуцца рабіць больш, патрабаваць ад сябе, каб яшчэ дапамагаць іншаму чалавеку. Фонд дапамагае мне вучыцца ў Варшаве, мне дапамагаюць людзі з Фонду, даюць матывацыю да навучання.

Дзякуючы падтрымцы Фонду «Плён Новага Тысячагоддзя» стыпендыяты могуць вучыцца, развіваць свае захапленні і фармавацца ў духу вучэння Яна Паўла ІІ.

Фонд падтрымлівае 2000 стыпендыятаў, студэнтаў і выпускнікоў школ, у тым ліку выхадцаў з Украіны. Нядаўна ён таксама прызнаў стыпендыі для 30 чалавек з раёнаў, пацярпелых ад паводкі.

Прафінансаваць новыя стыпендыі можна, даслаўшы SMS са словам «СТЫПЕНДЫЯ» на нумар 74 265 або апусціўшы ахвяраванне ў скрыні ў касцёлах ці на вуліцах горада.

ПР/юл