Беларуская Служба

Rzeczpospolita: Са студзеня вайскоўцы больш за 1,5 тысячы разоў прымянялі зброю на мяжы з Беларуссю

25.10.2024 10:01
Мясцовае ваеннае ўпраўленне цяпер вядзе два працэсы, звязаныя з выкарыстаннем зброі салдатамі, якія служаць на мяжы.
Польскія службы абараняюць мяжуКадр з відэа на Твітэры Мінабароны Польшчы

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы сцвярджае, што гэта былі папярэджанні, піша Rzeczpospolita.

Рэдакцыя са спасылкай на звесткі Міністэрства нацыянальнай абароны паведамляе, што з пачатку года войска, якое ахоўвае польска-беларускую мяжу, зрабіла 1609 сігнальных і папераджальных стрэлаў баявымі патронамі. Аператыўная група «Бяспечнае Падляшша», якая падтрымлівае Памежную службу, сёлета не зафіксавала траўмаў сярод мігрантаў у выніку прымянення зброі, паведамілі ў міністэрстве.

Польскія вайскоўцы ўсё часцей выкарыстоўваюць гладкаствольную зброю для адбівання атак. «Мы выкарыстоўваем гумовыя кулі, і гэта крайні сродак, калі мы страляем па чалавеку. Аказалася, што найбольш агрэсіўныя мігранты, калі бачаць, што салдаты ўзброеныя такой зброяй, не робяць ніякіх спробаў нападу, і гэта эфектыўны сродак стрымлівання», — сказаў  у эфіры «Радыё Беласток» камандзір групы генерал Аркадзіюш Шкутнік (gen. Arkadiusz Szkutnik).

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Варшаве Пётр А. Скіба (Piotr A. Skiba) паведаміў, што мясцовае ваеннае ўпраўленне цяпер вядзе два працэсы, звязаныя з выкарыстаннем зброі салдатамі, якія служаць на мяжы.

3 лістапада 2023 г. салдат выстраліў у сірыйца, які трапіў пасля гэтага ў шпіталь. Таксама ідзе расследаванне па справе двух вайскоўцаў, якія стралялі 25 сакавіка, калі мяжу штурмавалі некалькі дзясяткаў замежнікаў. Сцвярджаецца, што ў выніку гэтых стрэллаў мігранты «не знаходзіліся ў сітуацыі небяспекі для іх жыцця».

PAP/вх