Беларуская Служба

Дональд Туск пра ўсходнюю палітыку ЕС падчас польскага старшынства

27.11.2024 12:01
Кіраўнік польскага ўраду заявіў, што краіны басейну Балтыйскага мора маюць агульныя погляды на бяспеку, што павінна стаць палітыкай усяго ЕС і НАТО ў рэгіёне.
-
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд ТускPAP/Krystian Maj/KPRM

Прэм’ер-міністр Дональд Туск заявіў, што Польшча будзе выкарыстоўваць старшынства ў Еўрасаюзе для фармавання новай усходняй палітыкі Супольнасці ў дачыненні да агрэсіўнай Расіі. 1 студзеня пасля Венгрыі паўгода старшынства ў ЕС пяройме Польшча.

Перад ад'ездам на саміт Паўночных і Балтыйскіх дзяржаў у Швецыю кіраўнік ураду заявіў, што краіны басейну Балтыйскага мора маюць агульныя погляды на бяспеку, што павінна стаць палітыкай усяго ЕС і НАТО ў рэгіёне.

- Вельмі добрым уступам для новай Усходняй палітыкі ЕС было далучэнне да НАТА Швецыі ды Фінляндыі. Супольна з балтыйскімі краінамі мы працуем над умацаваннем лініі абароны ад магчымай расійскай агрэсіі. У нас гэта «Усходні шчыт», Балтыйскія краіны таксама будуць падобную сістэму фартыфікацый. Мы хочам зрабіць адзіны механізм з гэтага, каб была абарона ад Фінляндыі ажно па нашу мяжу з Украінай.

Падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў паўночных і балтыйскіх краін і Польшчы Дональд Туск будзе выступаць за стварэнне агульнай сістэмы бяспекі ў водах Балтыйскага мора, якую ён называе «марское патруляванне» па аналогіі з паветранымі місіямі, якія праводзяцца на працягу многіх гадоў, вядомым як «паветранае патруляванне».

Пасля перамоў у шведскім Харпсунде плануецца прэсавая канферэнцыя кіраўнікоў паўночных і балтыйскіх дзяржаў — Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Гэта першы саміт у такім фармаце, на які быў запрошаны прадстаўнік Польшчы.

У другі дзень візіту прэм'ер-міністр Дональд Туск паразмаўляе з прэм'ер-міністрам Швецыі Ульфам Крыстэрсанам. Плануецца падпісанне дамовы аб стратэгічным шведска-польскім партнёрстве.

ПР/юл