Беларуская Служба

Польшча падрыхтавалася да эмбарга на пастаўкі звадкаванага газу з Расіі

20.12.2024 10:25
Польскае Міністэрства прамысловасці зазначае, што рызыкі дэфіцыту звадкаванага газу на рынку няма.
Ілюстрацыйны здымакhttps://pixabay.com/

Сёння ўступае ў сілу поўнае эмбарга ЕС на пастаўкі звадкаванага газу з Расіі. У Міністэрстве прамысловасці падкрэсліваюць, што Польшча да гэтага гатовая. Чыноўнікі зазначаюць, што рызыкі дэфіцыту звадкаванага газу на рынку няма.

Польская арганізацыя звадкаванага газу (POGP) таксама ацэньвае, што цягам пераходнага перыяду прадпрыемствы добра падрыхтаваліся да ўвядзення эмбарга. Генеральны дырэктар POGP Барташ Квяткоўскі патлумачыў, што адной краіны, якая заменіць Расію, не будзе - пастаўкі будуць значна больш дыверсіфікаванымі. Звадкаваны газ будзе імпартавацца, напрыклад, са Швецыі.

Паводле яго слоў, ёсць шмат прыкмет таго, што звадкаваны газ застанецца самым танным альтэрнатыўным палівам у Польшчы. Ён дадаў, што за год сярэдні літр паліва падаражэў на 35 грошаў. «Гэтая розніца адлюстроўвае змяненне напрамку паставак», — растлумачыў ён. Цяпер за літр звадкаванага газу трэба плаціць прыкладна 3,15 злотых.

Барташ Квяткоўскі дадаў, што ў Польшчы прыкладна 75 працэнтаў рынку звадкаванага газу складае аўтагаз, але, акрамя таго, гэтае паліва выкарыстоўваецца для ацяплення дамоў або прадпрыемстваў - у асноўным у сельскай мясцовасці, і 10 працэнтаў ідуць на напаўненне турыстычных балонаў. Паводле ацэнак, прыкладна 13 працэнтаў легкавых аўтамабіляў у Польшчы працуюць на звадкаваным газе.

Падрыхтоўка да ўвядзення эмбарга на LPG доўжылася год. Міністэрства прамысловасці забяспечвае пастаянны кантакт прадстаўнікоў Дэпартамента нафтавай, газавай і вадароднай эканомікі з ваяводамі і прадстаўнікамі прамысловасці ў рамках маніторынгу рынку LPG у Польшчы. «Цеплаэнергетыка ў асноўным выканала рэкамендацыі Мінпрама ў сувязі з санкцыямі і падрыхтаваная да будучага зімовага сезону», — гаворыцца на сайце ведамства.

ПР/юл