Беларуская Служба

На прафесара Яна Маліцкага напалі ў цэнтры Варшавы

20.12.2024 11:30
Тэлеканал Белсат паведаміў, што навуковец у шпіталі. Мясцовая паліцыя пацвярджае, што верагодна меў месца напад.
Jan Malicki
Jan Malicki/Ілюстрацыйны здымакPAP/Vladyslav Musiienko

Дырэктарка Школы ўсходніх моваў пры Цэнтры Усходняй Еўропы Інга Катаньска паведаміла журналістам праз электронную пошту, што ў ноч на 20 снежня ў Казіміраўскім парку, што ў цэнтры Варшавы, быў замах на жыццё кіраўніка Цэнтру і дырэктара стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Яна Маліцкага, паведаміў тэлеканал Белсат.

Журналісты працытавалі ліст Катаньскай, у якім гаварылася, што двое мужчын спыталі ў Маліцкага, як яго зваць. Калі ён назваўся, яго ўдарылі па галаве, і ён страціў прытомнасць. Прафесара даставілі ў Праскі шпіталь у Варшаве.

Усіх, хто мае звесткі пра напад, просяць звязацца з паліцыяй або Агенцтвам унутранай бяспекі Польшчы, піша тэлеканал.

У сакратарыяце Цэнтру Усходняй Еўропы адмовіліся прадставіць Польскаму радыё любую інфармацыю на дадзеную тэму, спасылаючыся на тое, што кантактаваць са СМІ можа выключна дырэктар Ян Маліцкі. 

Апроч таго, Варшаўскі Універсітэт пакуль не пацвердзіў інфармацыю пра напад на дырэктара Цэнтру Усходняй Еўропы

У сваю чаргу аддзяленне паліцыі раёна Śródmieście, дзе месціцца Казіміраўскі парк, паведаміла, што ўчора ўвечары ў парку адбылося здарэнне магчыма крымінальнага характару, калі асоба сталага ўзросту магла быць пабіта. Паліцыя вядзе праверку, паведаміў прэс-афіцэр акруговай камендатуры паліцыі Варшава І Якуб Пацыняк.   

Крыніца: Белсат/юл