Беларуская Служба

Вядзьмарку Гертруду спалілі ў Польшчы ў ХVIІ ст. — гэта задакументавана ў архіве Вармінскай архідыяцэзіі

26.12.2024 12:35
Вядзьмарка з Біскупца Рэшэльскага, апісаная ў дакументах архіва Вармінскай архідыяцэзіі.
 .
Сучасны Рэшэль.kochamywarmie.pl

Гертруда Гезах, якая жыла ў 17 стагоддзі ў населеным пункце Біскупец Рэшэльскі (Biskupiec Reszelski), была спалена на вогнішчы «за вядзьмарства супраць Бога і людзей». Ёсць згадка ў царкоўных дакументах Варміі пра жанчыну, якая пасля абвінавачвання ў магіі, загінула ў агні.

«Запісы 1612 года пра жыхарку Біскупца Рэшэльскага, якая была абвінавачана ў вядзьмарстве, знаходзяцца ў архіве Вармінскай архідыяцэзіі ў Ольштыне. Там можна знайсці абвінаваўчы акт супраць жанчыны і яе волі. Гэта ўнікальныя дакументы», — гаворыць дырэктар архіва Вармінскай архідыяцэзіі кс. праф. Анджэй Копічко.

Што тычыцца самога судовага працэсу і смяротнага прысуду, то ў матэрыялах ёсць прысуд, што «Гертруда Гезах шукала нехрысціянскага ўмацавання ў ідалапаклонстве і дзейнічала з дапамогай чарадзейства супраць Бога і людзей і таму, у выніку яе ўласнага сведчання, была спалена да попелу ў агні».

Хаця імя і прозвішча жанчыны вядомыя, да гэтага часу застаецца загадкай, колькі ёй было гадоў і чым яна займалася. Ёсць, аднак, і працяг гісторыі няшчаснай Гертруды. У курыяльных запісах згадваецца, што Гертруда, жонка Мацы Гезаха, 2 снежня 1612 г. перад прывядзеннем прысуду ў выкананне склала завяшчанне, у якім перадала сваю маёмасць мясцоваму касцёлу. Тастамент быў падпісаны гарадскім натарыусам Анджэем Ліхтэнхагенам.

Запісы сведчаць, што Гертруда была заможнай жанчынай і не мела дзяцей. У сваёй апошняй волі Гертруда пакінула касцёлу ў Біскупцы Рэшэльскім палову хаты, паўтара гектара зямлі і 40 грыўняў (вялікая на той час сума), а таксама 10 грыўняў з 50 грыўняў са спадчынных грошай на бальніцу. Яе муж Мац Гезах «павінен быў кожны дзень ахвяраваць увесь год перад Купаллем вечную лампаду, якая гарыць, або даваць за яе 20 грыўняў».

Гісторыю вармінскага Касцёла даследавала архівіст з Варміі Анэліз Трылер  (Anneliese Triller, 1903–1998), якая ў 1933–1945 гадах узначальвала дыяцэзіяльны біскупскі архіў у Фромбарку. Яна займалася таксама і даследаваннямі маральных праблем: вядзьмарства, ведзьмаў, катаў. Менавіта яна ў 1992 годзе апублікавала артыкул пра Гертруду Гезах. Анэліз Трылер звярнула ўвагу на тое, што справы, падобныя да справы Гертруды, відаць, былі яшчэ на Варміі, але гэтая справа трапіла ў курыяльныя справы толькі таму, што «абвінавачаная атрымала незвычайную ласку, якой з'яўляўся дазвол асуджанай скласці завяшчанне».

Ва Усходняй і Заходняй Прусіі з XVI па XVIII стагоддзе суды над ведзьмамі адбываліся як у лютэранскім Прускім герцагстве, так і ў каталіцкай Варміі. У Германіі паляванне на ведзьмаў працягвалася амаль 100 гадоў. Як адзначыла Анэліз Трылер, цяжка вызначыць, ці была вера ў вядзьмарства, якая існавала таксама ў Прусіі і Варміі, у асноўным звязаная з яшчэ жывымі старапрускімі вераваннямі.

Пра суды над ведзьмамі ў гістарычнай Варміі, іх хаду і частату амаль нічога не вядома, таму што меркаваных ведзьмаў судзілі як за грамадзянскія злачынствы, а гэтых запісаў з XVI–XVIII ст., як правіла, ужо няма. Толькі эпізадычна або ў асабліва важных выпадках згадкі пра суды над ведзьмамі сустракаюцца ў найбольш важных і цалкам захаваных вармінскіх адміністрацыйных дакументах, якія ёсць у дыяцэзіяльным архіве.

Ахвярамі абвінавачанняў у вядзьмарстве часцей за ўсё станавіліся жанчыны, але ў сувязях з ведзьмамі абвінавачваліся таксама мужчыны і нават духавенства.

У архівах Вармінскай архідыяцэзіі захаваліся дагэтуль дакументы таксама з пачатку XVII ст., якія тычацца ксяндза Ігнацыя Бернгагена з Шонбрука (вёска недалёка ад Ольштына - рэд.). У 1616 г. гэты ксёндз быў прыцягнуты да суда і пакараны за тое, што наведаў ведзьму і прасіў у яе парады. На яго шчасце, ён не скончыў так трагічна, як вышэйзгаданая Гертруда. За кансультацыю з ведзьмай яго асудзілі да штрафу на 30 грыўняў. Такое незвычайна мяккае пакаранне было прыменена з-за сталага ўзросту святара. Было яму тады больш за 80 гадоў.

Прынята лічыць, што самая вядомая жанчына, абвінавачаная ў вядзьмарстве на Варміі, — гэта Барбара Здунк (Barbara Zdunk). Яна была спалена на вогнішчы ў Рэшэлі ў 1811 годзе. Яна лічыцца апошняй ведзьмай, спаленай у Еўропе.

Аднак гісторыкі адмаўляюць, што гэтую жанчыну абвінавачвалі ў вядзьмарстве. Яны сцвярджаюць, што Барбара была асуджаная да смерці на вогнішчы, таму што яна была падпальшчыцаю і забойцаю. У Прусіі так каралі падпальшчыкаў. У пажары, які зладзіла Здунк, загінулі двое: мужчына і дзіця. І нават тое, што Барбара была маці некалькіх дзяцей, не выратавала яеад смерці. Паводле аповедаў, калі запалілі вогнішча, жанчына была ўжо мёртвая, бо раней кат яе ласкава задушыў.

 Agnieszka Libudzka/PAP/вх