Беларуская Служба

Кожная сям’я ў Польшчы атрымае крызісны дапаможнік

10.03.2025 13:10
Да канца красавіка ён павінен з’явіцца ў інтэрнэце, а да канца года, у папяровай форме, у кожнай хаце.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Tom Ol/pixabay.com/CC0 Public Domain

Група экспертаў з Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрства нацыянальнай абароны і Урадавага цэнтра бяспекі рыхтуе польскі дапаможнік па крызісных сітуацыях.



Ён закліканы дапамагчы грамадзянскім асобам перажыць пагрозы на працягу трох дзён. Дапаможнік будзе складзены на падставе аналізу аналагічных брашур з 23 краінаў Еўропы і свету, кажа Роберт Кляноўскі (Robert Klonowski) з польскага МУС:

- Гэта павінна быць надзейная інфармацыя, пададзеная ў даступнай форме. Дапаможнік будзе налічваць 20-30 старонак з ілюстрацыямі. Кожны, хто атрымае яго, павінен быць у стане выжыць дома на працягу 72 гадзін, напрыклад, у выпадку адключэння электраэнергіі; аказаць першую дапамогу, калі нехта з сямейнікаў пацярпеў; ведаць, як паводзіць сябе ў выпадку пажару або ўдару маланкі, а таксама ў выпадку пагрозы вайны.



Папяровая версія даведніка можа трапіць да першых адрасатаў у верасні бягучага года. Урад плануе разаслаць даведнік у кожную сям’ю.

Кошт акцыі складзе ад некалькіх да некалькіх дзясяткаў мільёнаў злотых.

IAR/аз