Беларуская Служба

Кіраўнік польскай дыпламатыі заканчвае свой візіт у ЗША

22.08.2019 15:15
У Міжнародны дзень памяці пра ахвяр гвалту з-за рэлігіі ці веравызнання польскі міністр узначаліць дэбаты на гэтую тэму ў СБ ААН.
M     .
Mіністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.PAP/EPA/PETER FOLEY

Савет Бяспекі ААН абмяркуе сітуацыю рэлігійных меншасцей ва ўзброеных канфліктах. Паседжанне будзе ачольваць міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz).

Паседжанне Савета Бяспекі па абароне рэлігійных меншасцей ва ўзброеных канфліктах было арганізавана па ініцыятыве Польшчы, ЗША, а таксама краінаў, якія не з’яўляюцца членамі савета - Бразіліі, Канады і Іярданіі.

Дыскусія прыпадае на Міжнародны дзень памяці пра ахвяр гвалту з-за рэлігіі ці веравызнання. Гэты дзень быў усталяваны ААН у траўні, між іншым, па ініцыятыве Польшчы.

Пры нагодзе паседжання міністр Яцэк Чапутовіч сустрэнецца са спецыяльным пасланнікам прэм'ер-міністра Злучанага Каралеўства па пытаннях свабоды рэлігіі і веравызнання лордам Ахмадам з Уімблдона, а таксама з паслом ЗША па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды Сэмюэлам Браўнбекам. Кіраўнік польскай дыпламатыі таксама возьме ўдзел у цырымоніі ўручэня ўзнагароды Pro Dignitate Humana.

Удзел у сустрэчах у ААН стане апошнім пунктам трохдзённага візіту міністра Яцэка Чапутовіча ў ЗША, падчас якога ён сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа, ачоліў паседжанне Савета Бяспекі па сітуацыі на Блізкім Усходзе і наведаў Чыкага.

аз