Беларуская Служба

Расійскія ўлады выкарыстоўваюць фінансавыя рычагі, каб аслабіць апазіцыю

29.10.2019 16:01
Суды прымушаюць дзеячаў апазіцыі выплачваць кампенсацыі людзям і ўстановам, звязаным з расійскімі ўладамі.
Уладзімір ПуцінPAP/EPA/YURI KADOBNOV/POOL

Расійскія ўлады выкарыстоўваюць фінансавыя і судовыя рычагі, каб аслабіць апазіцыю. На працягу апошніх тыдняў маскоўскія суды выдаюць прысуды, паводле якіх дзеячы апазіцыі павінны выплачваць кампенсацыі людзям і ўстановам, звязаным з расійскімі ўладамі.

Сёння маскоўскі суд загадаў Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага выплаціць кампенсацыю ў памеры 88 мільёнаў рублей, гэта прыкладна 280 тысяч еўра.

Супрацоўнікі Навальнага апублікавалі інфармацыю аб тым, што фірма «Маскоўскі вучань» пастаўляе ў школы пратэрмінаваныя прадукты харчавання. Паводле фонду, уладальнікам фірмы з’яўляецца блізкі знаёмы Уладзіміра Пуціна Яўгеній Прыгожын.

Перад гэтым маскоўскія суды прызналі, што частка лідараў апазіцыі павінны выплаціць высокую кампенсацыю камунальным фірмам і прыватным прадпрымальнікам, якія сцвярджаюць, што аказаліся стратнымі ў выніку арганізацыі нелегальных апазіцыйных дэманстрацый.

Частка расійскіх каментатараў звяртае ўвагу, што рашэнні суду павінны аслабіць апазіцыю і прымусіць лідараў спыніць публічныя выступы на пікетах ці вулічных маршах.

ав