Пра масавыя факты згвалтаванняў у праграме ўкраінскай службы Радыё Свабода «Свабода Live» заявіла ўпаўнаважаная ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Украіны Людміла Дзянісава. Паводле яе, пакуль немагчыма палічыць, колькі ўкраінцаў сталі ахвярамі згвалтаванняў.
«Палічыць, колькі ахвяраў, цяпер немагчыма, таму што ёсць жорстка забітыя ці загінулыя, якія таксама маглі быць ахвярамі гвалту. Іншая гісторыя, калі зараз нам паведамляюць нашы жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, іхныя бацькі аб гвалтоўных дзеяннях, якія былі супраць іх здзейснены. Але гэта толькі маленькая частка гэтых людзей, якія захацелі расказаць пра гэта, каб ім была аказаная псіхалагічная падтрымка», – сказала Дзянісава.
Яна перакананая, што выпадкі згвалтаванняў на акупаваных войскамі РФ тэрыторыях мелі масавы характар. Па яе словах, пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад расійскіх акупантаў ахвяры пачалі тэлефанаваць і паведамляць аб такіх злачынствах.
«Мы ўбачылі, што гэта масавы характар. Наша група для псіхалагічнай падтрымкі не можа справіцца з гэтым, бо яны не толькі выслухалі і зафіксавалі – гэта працэс, неаднаразовая падтрымка».
Людміла Дзянісава падзялілася тым, што расказваюць ахвяры гвалту.
«Гэтыя жанчыны і дзяўчаты расказваюць пра тое, што, калі іх гвалтавалі, усе гэтыя вылюдкі гаварылі пра тое, што «мы зробім так, каб вы ні разу не захацелі больш дапусціць да сябе мужчын, каб потым у вас дзеці ніколі не нараджаліся», – дадала амбудсмэн.
Паводле яе, фіксуюць многія выпадкі, калі жанчыны зацяжарылі.
«Магу сказаць пра 11 выпадкаў, калі дзяўчаты цяжарылі. Гэта толькі тыя, хто захацеў, каб пра іхныя выпадкі было сказана публічна», – адзначыла Дзянісава.
Атрымаць пацверджанне гэтых дадзеных яшчэ з нейкіх крыніц пакуль няма магчымасці.
2 красавіка Кіеўская вобласць была вызвалена ад расійскіх войскаў. Пасля адступлення расійскіх вайскоўцаў у вызваленых гарадах і вёсках фіксуюцца масавыя выпадкі гібелі цывільных асоб. Найперш гаворка ідзе пра Бучу, дзе загінулі не менш як 400 чалавек.
Украіна і некаторыя прадстаўнікі Захаду патрабуюць прыцягнуць Расію да адказнасці за ваенныя злачынствы за тое, што адбываецца ў Кіеўскай вобласці.
Крэмль «катэгарычна абвяргае любыя абвінавачанні ў забойствах цывільных», нягледзячы на тое, што такія факты ў перыяд расійскай акупацыі пацвярджаюцца спадарожнікавымі здымкамі.
вх