Расійскія акупанты дагэтуль вывозяць целы марыупальскіх ахвяраў. Іх, хутчэй за ўсё, хаваюць у брацкіх магілах пад горадам. Паводле апошняй інфармацыі, расіяне спрабуюць схаваць сляды сваіх злачынстваў, у тым ліку ў разбураным тэатры ў цэнтры Марыупаля.
Паводле прадстаўніка ўкраінскіх гарадскіх уладаў Пятра Андрушчанкі, расіяне выкарыстоўваюць цяжкую тэхніку для расчысткі руінаў Драматычнага тэатра, які разам з мірнымі жыхарамі ў сярэдзіне ў сакавіку разбамбілі расійскія войскі. Паводле розных ацэнак, у будынку хаваліся ад некалькіх сотняў да тысячы мірных жыхароў.
У цяперашні час, па словах Андрушчанкі, акупанты дабываюць целы з-пад завалаў і перавозяць іх у ваколіцу горада Мангуш і хаваюць у спецыяльна выкапанай 300-метровай яме. Там могуць быць пахаваныя і ахвяры іншых расійскіх злачынстваў.
Паводле ўкраінскіх уладаў, у выніку расійскіх атакаў у Марыупалі маглі загінуць каля 20 тысяч мірных жыхароў.
IAR/аз