Урад Эстоніі вырашыў прыбраць савецкія помнікі з грамадскіх месцаў па ўсёй краіне. У аўторак у горадзе Нарва, ва ўсходняй частцы краіны, пераважна населенага рускамоўным насельніцтвам, адбыўся дэмантаж сумнеўнага помніка савецкаму танку Т-34. Яго перавезлі ў Эстонскі ваенны музей.
Прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас заявіла ў Твітары, што помнікі, як сімвалы рэпрэсій і савецкай акупацыі, сталі «крыніцай шакавальнай напружанасці», а ў гэтыя часы трэба ліквідаваць да мінімуму рызыку для грамадскага парадку.
«Савецкія помнікі, якія маюць гістарычную каштоўнасць, не будуць знішчаныя, але перададзены ў музеі. Мы стараемся захаваць як мага больш, каб наступныя пакаленні маглі зрабіць высновы з гэтага балючага ўрока», – напісала кіраўнічка эстонскага ўрада.
Госць Першай праграмы грамадскага Польскага радыё намеснік галоўнага рэдактара газеты «Балтыйскі агляд» ( поль. «Przegląd Bałtycki») Дамінік Вільчэўскі(Dominik Wilczewski) нагадвае, што гэта не першая спроба эстонцаў звядзення рахункаў з гісторыяй:
- Гэта другая, калі не чарговая, хваля выдалення савецкіх помнікаў з грамадскай прасторы Эстоніі і краін Балтыі. Першая адбыўся ў 1991 годзе, калі гэтыя краіны аднавілі незалежнасць і тады былі прыбраны ў асноўным помнікі, выразна звязаныя з той эпохай, у т.л. помнікі Леніну, Дзяржынскаму і мясцовым камуністычным дзеячам, як, напрыклад, Яну Анвельту. Помнікі ў памяць аб Другой сусветнай вайне тады пакінулі, бо ў той час жылі ветэраны вайны і такія рашэнні былі прыпыненыя, каб не правакаваць дадатковай сацыяльнай напружанасці.
Паводле эстонскіх СМІ, у Эстоніі знаходзіцца ад 200 да 400 камуністычных помнікаў:
- Трэба памятаць, што не ўсе яны маюць манументальны характар, як мы сабе ўяўляем, напрыклад, паводле помніка Чырвонай арміі ў Вене. Ёсць і больш сціплыя помнікі такія, як у Нарве – танк, які стаяў нават не ў цэнтры, а на ўскраіне горада. Гэта могуць быць таксама чырвонай зоркі недзе на могілках жаўнераў, часоў Другой сусветнай вайны, якія ўсё ж выклікаюць канкрэтныя эмоцыі.
Дарэчы, у сувязі са згаданымі эмоцыямі… Падчас дэмантажу помніка ў Нарве былі задзейнічаныя дадатковыя паліцыянты. Нагадваем, у 2007 годзе ў сталіцы Эстоніі ўспыхнулі пратэсты ў сувязі з выдаленнем з цэнтру горада помніка «Вызваліцелям Таліна»:
- Эстонцы называюць гэтыя падзеі «бронзавай ноччу», паколькі гаворка ідзе пра помнік, які называлі «бронзавы жаўнер». Улады вырашылі перанесці яго на могілкі. Аднак згаданыя падзеі па сённяшні дзень выклікаюць сумневы, паколькі не вядома, ці тагачасных беспарадкаў не правакавалі функцыянеры расійскіх службаў. Менавіта, таго ж і баяліся эстонскія ўлады, што на месцы з’явяцца правакатары, якія будуць падбухторваць мясцовае рускамоўнае насельніцтва.
Да сярэдзіны лістапада ў суседняй Латвіі таксама павінны быць дэмантаваныя 69 помнікаў, якія ўслаўляюць савецкі рэжым, нагадвае журналіст:
- Добрым прыкладам тут з’яўляецца Латвія, дзе ў цэнтры сталіцы Рыгі надалей стаіць манументальны помнік. Дыскусіі пра яго лёс працягваюцца ўжо 30 гадоў, то бок з часу, калі Латвія вярнула незалежнасць. Тут таксама пад увагу браўся аргумент ветэранаў, пазбягання эмоцыяў у грамадстве і падзелаў. Тым часам вайна ва Украіне і расійскія злачынствы ў Бучы, нагадалі пра злачынствы Чырвонай арміі і НКУС у балтыйскіх краінах падчас Другой сусветнай вайны. Паводле часткі каментатараў, трэба пазбавіцца ад савецкіх помнікаў, каб не даваць Расіі падставаў для правакацый.
Менавіта пра тое, што савецкія помнікі выкарыстоўваюцца для нагнятання напружанасці, гаварыла таксама прэмʼер-міністр Эстоніі. Паводле яе, пасля нападу Расіі на Украіну «пытанне ваенных мемарыялаў СССР у грамадскай прасторы Эстоніі перастала быць мясцовай справай»:
- Вакол гэтых помнікаў могуць адбыцца дэманстрацыі і пратэсты. Напрыклад, сёлета 9-га траўня – Свята перамогі, якое ў гэты дзень усё ж не адзначаецца ў балтыйскіх краінах, патрабавала ад уладаў краіны ўвядзення дадатковых мераў бяспекі, бо яго святкуюць некаторыя рускамоўныя асяроддзі ў Эстоніі.
На шчасце ніякіх пратэстаў падчас дэмантажу помніка ў Нарве не было, кажа Дамінік Вільчэўскі:
- Гэта можа азначаць, што ўзровень напружанасці зніжаецца, а рускамоўная меншасць настолькі інтэграваная і настолькі падзяляе погляды эстонцаў і літоўцаў на гісторыю Другой сусветнай вайны, што, магчыма, тут у Расіі няма прасторы для манеўру, каб антаганізаваць нейкія настроі.
- кажа намеснік галоўнага рэдактара газеты «Балтыйскі агляд» Дамінік Вільчэўскі.
Нагадваем, на пачатку жніўня ў Хельсінкі дэмантавалі помнік «Мір ва ўсім свеце», які Масква падарыла фінскай сталіцы ў савецкія часы. Гарадскія ўлады вырашылі перанесці статую на склад у сувязі з рэканструкцыяй вуліцы. Які лёс напаткае гэты помнік пакуль невядома. Помнік, з моманту адкрыцця ў 1989 годзе, выклікаў спрэчкі. У 1991 годзе трое студэнтаў аблілі яго дзёгцем, а ў 2010 годзе была сарваная спроба падарваць яго. Пасля нападу Расіі на Украіну дыскусіі вакол статуі разгарэліся нанава.
Дэмантаж постсавецкіх помнікаў працягваецца таксама ў Польшчы, паводле палажэнняў Закона аб дэкамунізацыі польскай грамадскай прасторы з 2016 года.
Паводле польскіх уладаў, помнікі ў гонар чырвонаармейцаў не павінны стаяць у грамадскіх месцах, бо яны ўслаўляюць злачынную сістэму і злачынцаў.
PR1/пл/аз