Беларуская Служба

МУС Чэхіі: Украінскія бежанцы, якія вярнуліся дадому, могуць перазімаваць у ЕС

01.11.2022 18:45
У ЕС з-за вайны прыбыло амаль 4,3 млн украінскіх бежанцаў, аднак з іх пятая частка ўжо вярнулася дадому.
Сцях ЧэхііTheDigitalArtist/pixabay.com/CC0 Public Domain

Украінскія ўцекачы, якія маюць часовую абарону ў ЕС, але вярнуліся дадому, могуць прыехаць у краіны Еўрасаюза, каб перазімаваць. Пра гэта заявіў Віт Ракушан, кіраўнік МУС Чэхіі, якая старшынюе ў Радзе ЕС, паведамляюць Ceske Noviny.

Паводле яго слоў, у ЕС прыбыло каля 4,3 млн украінскіх бежанцаў, аднак пятая частка з іх ужо вярнулася дадому. Нават з Чэхіі, дзе маюць часовую абарону звыш 450 тысяч украінцаў, вярнуліся ва Украіну 20%.

«Калі нехта з'ехаў ва Украіну, жыве ва Украіне, ужо атрымаў часовую абарону ў адной з краін ЕС, ён мае права вярнуцца ў ЕС, калі ўмовы не дазваляюць яму застацца на зіму ва Украіне», – дадаў Ракушан.

Калі ўкраінцы вернуцца, то агульная колькасць бежанцаў у ЕС можа вырасці да пяці мільёнаў. Ракушан сказаў, што Чэхія можа прыняць не больш за паўмільёна чалавек. Больш не вытрымае сістэма аховы здароўя, адукацыі і абмежаваная колькасць жылля.

Віцэ-прэмʼер па пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук заклікала ўкраінцаў, якія выехалі з краіны з-за вайны, перазімаваць за мяжой.

«Буду прасіць не вяртацца, нам трэба перажыць зіму. На жаль, сеткі не вытрымаюць, вы бачыце, што робіць Расія», – растлумачыла яна.

Па дадзеных апытанняў, кожны другі ўкраінец (67%) будзе заставацца зімой ва Украіне нягледзячы на ​​ўдары расійскіх акупантаў па энергасістэме Украіны.

яс