Беларуская Служба

Белы дом заявіў, што дадатковыя войскі ЗША, застануцца на ўсходнім флангу NATO, у тым ліку ў Польшчы

02.11.2022 07:50
ЗША сур'ёзна ставяцца да бяспекі ўсходняга флангу, таму прэзідэнт Байдэн накіраваў дадатковыя 20 000 амерыканскіх вайскоўцаў у Еўропу.
Ілюстраційне фотоwikimedia creative commons /Allied Joint Force Command Brunssum - Polish SOF, Lisbon, NATO Trident Juncture 15/CC BY-SA 2.0

Дадатковыя войскі ЗША, застануцца на ўсходнім флангу NATO, у тым ліку ў Польшчы, пра гэта заявіў каардынатар стратэгічных камунікацый Белага дому Джон Кірбі.

Адказваючы на ​​пытанне Польскага радыё пра размяшчэнне Расіяй у Беларусі гіпергукавых ракетаў, каардынатар стратэгічных камунікацый Белага дому Джон Кірбі падкрэсліў прыхільнасць ЗША да артыкулу 5 Паўночнаатлантычнага пакту. Падчас віртуальнага брыфінгу ў Белым доме Джон Кірбі заявіў, што Беларусь падтрымлівала і прымала расійскія войскі яшчэ да ўварвання ва Украіну.

«Але мы не бачым прыкмет таго, што самі беларусы зацікаўлены ва ўцягванні ў вайну ва Украіне», – сказаў ён.

Кірбі дадаў, што ЗША вельмі сур'ёзна ставяцца да бяспекі ўсходняга флангу. «Вось чаму прэзідэнт Байдэн накіраваў дадатковыя 20 000 амерыканскіх вайскоўцаў у Еўропу, і цяпер мы ўвялі працэдуру, паводле якой яны могуць заставацца там на аснове ратацыі, па меншай меры, у агляднай будучыні», – сказаў Кірбі, дадаўшы, што гэта было адказам на змяненне ландшафту бяспекі ў Еўропе.

Каардынатар стратэгічнай камунікацыі Белага дома падкрэсліў прыхільнасць ЗША сумеснай абароне ў рамках NATO. «Незалежна ад таго, ці гаворка ідзе пра гіпергукавыя ракеты ці іншую зброю, мы вельмі сур’ёзна ставімся да абавязку паводле артыкулу 5», – сказаў ён, адказваючы на ​​пытанне карэспандэнта Польскага радыё Марэка Валкускага. Джон Кірбі паўтарыў, што ЗША будуць абараняць кожны сантыметр тэрыторыі NATO.

IAR / вх