Мы не бачым ніякіх прызнакаў таго, што Пуцін гатовы да міру. Мы бачым, што ён, наадварот, рыхтуецца да працягу вайны, да новых нападаў, — заявіў Енс Столтэнберг перад сустрэчай з міністрамі абароны краін NATO.
Мы павінны гарантаваць, што Украіна атрымае зброю, неабходную для перамогі ў вайне. Пра гэта Енс Столтэнберг распавёў напярэдадні пасяджэння кантактнай групы па ўзбраенні Украіны, у якую ўваходзяць больш за 50 краін.
У аўторак у другой палове дня адбудзецца сустрэча міністраў абароны краін Паўночнаатлянтычнага альянсу. Кіраўнік NATO падкрэсліў, што Украіна павінна тэрмінова атрымаць тое, што ёй прапануюць, у тым ліку боепрыпасы і танкі.
Енс Столтэнберг на пытанне аб магчымасці адпраўкі ва Украіну знішчальнікаў адказаў, што абмеркаванне гэтага пытання працягваецца і вядуцца кансультацыі паміж саюзнікамі. На яго думку, пытанне баявой авіяцыі не самае актуальнае, бо гэта доўгатэрміновая перспектыва, і Украіна павінна зараз атрымаць ваенную падтрымку, каб адбіць новы наступ Расіі.
«Мы павінны забяспечыць, каб Украіна атрымала ўзбраенне, якое ёй тэрмінова неабходна, каб вярнуць тэрыторыю, вызваліць свае землі, каб стаць свабоднай і незалежнай краінай», — дадаў кіраўнік NATO.
ПР/юл