Беларуская Служба

Генсек НАТА: Бачу прагрэс у перамовах з Турцыяй аб уступленні Швецыі ў Альянс

23.02.2023 18:32
Енс Столтэнберг заявіў, што, нягледзячы на затрымку з ратыфікацыяй, Швецыя і Фінляндыя знаходзяцца сёння ў большай бяспецы, чым раней.
Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг Крыніца: PAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у чацвер, 23 лютага адзначыў прагрэс у ходзе перамоваў з Турцыяй наконт заяўкі Швецыі на сяброўства ў НАТА і што яго мэта – уступленне Швецыя і Фінляндыі ў альянс да ліпеньскага саміту.

Столтэнберг паведаміў агенцтву Reuters, што ён і прэзідэнт Турцыі Тайіп Эрдаган дамовіліся аб сустрэчы Турцыі, Фінляндыі і Швецыі ў штаб-кватэры НАТА ў сярэдзіне сакавіка «для вырашэння праблем, з якімі мы сутыкаемся, калі справа даходзіць да ратыфікацыі Турцыяй пратакола аб уступленні Швецыі».

Столтэнберг, які сустрэўся з Эрдаганам на мінулым тыдні ў Анкары, выказаўся на гэтую тэму больш аптымістычна, чым у мінулыя месяцы.

«Я бачу прагрэс, – сказаў ён у інтэрв'ю. – Мая мэта складаецца ў тым, каб да саміту НАТА, які пройдзе ў Літве 11-12 ліпеня, Фінляндыя і Швецыя сталі паўнапраўнымі сябрамі».

Нагадаем, што ў мінулым годзе Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў трансатлантычны альянс пасля ўварвання Расіі ва Украіну, але Швецыя сутыкнулася з пярэчаннямі з боку Турцыі, якая заяўляе, што Стакгольм хавае асоб, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі.

Столтэнберг заявіў, што, нягледзячы на затрымку з ратыфікацыяй, абедзве краіны знаходзяцца сёння ў большай бяспецы, чым раней.

«У рамках працэсу ўступлення некалькі саюзнікаў па НАТА, уключаючы ЗША, падалі двухбаковыя гарантыі бяспекі, – сказаў ён. – Таму немагчыма, каб Фінляндыя ці Швецыя сутыкнуліся з якімі-небудзь ваеннымі пагрозамі з боку Расеі без рэакцыі НАТА», заявіў Столтэнберг.

pap/эж