Польская экспедыцыя на Анапурну дасягнула поспеху. Скі-альпініст Барташ Земскі і альпініст Освальд Перэйра падняліся на васьмітысячнік у Непале без выкарыстання кіслароду і без дапамогі шэрпаў.
Барташ Земскі(Bartosz Ziemski) спусціўся з вяршыні на лыжах. Гэта першы польскі спуск з гэтага васьмітысячніка і першы подзвіг такога тыпу за 30 апошніх гадоў. Скі-аліпніст расказаў, што ўмовы не дазволілі спусціцца непасрэдна ў базавы лагер ля Анапурны:
- Умовы са снегам былі розныя. У большасці даволі складаныя. Я спусціўся да чацвёртага пункта традыцыйнай дарогай з невялікімі зменамі. Між пунктамі трэцім і другім не ўдалося знайсці аптымальнай дарожкі, таму тры часткі я быў прымушаны спускацца на ліне. На гэты раз удалося спусціцца на лужах толькі да вышыні 4 800 метраў, паколькі ніжэй ужо не было снегу.
Пакарэнне і спуск занялі палякам два дні. Освальд Перэйра(Oswald Pereira) падкрэсліў, што каманда хоча захаваць хуткі тэмп экспедыцыі:
- На самой справе з базы да трэцяга лагера мы дабраліся цягам аднаго дня. Мы нейкі час акліматызаваліся і ноччу з 16 на 17 красавіка пачалі падымацца на вяршыню. Гэта была доўгая, інтэнсіўная праца. На самой вяршыні мы былі раніцай. Вецер быў даволі моцны, а тэмпература каля – 30 градусаў Цэльсія. Такія ўмовы надвор’я мы адчулі выразна.
Анапурна – дзясятая па вышыні вяршыня зямлі. Яна была першым васьмітысячнікам, на якім стаяў чалавек. Да гэтага часу з Анапурны ўдалося спусціцца на лыжах тройчы ў гісторыі, апошні раз амаль 30 гадоў таму.
Пасля некалькіх дзён адпачынку польская каманда плануе трапіць на базу ля Дхаўлагіры. Пад'ём і спуск з гэтага васьмітысячніка – другі этап экспедыцыі палякаў, запланаваны на канец траўня.
IAR/аз