Беларуская Служба

Рымскі Папа: памолімся аб дары міру, асабліва ва Украіне

07.05.2023 16:46
Пантыфік звярнуўся да вернікаў з заклікам прасіць у Маці Божай дару міру, асабліва ў закатаванай Украіне. 
Ілюстрацыйны здымакEPA/FABIO FRUSTACI Dostawca: PAP/EPA.

Рымскі Папа зноў заклікаў маліцца за мір. Францішак сустрэўся з вернікамі на малітве «Regina Caeli» на плошчы св. Пётра.

Пасля кароткай катэхезы і малітвы Папа звярнуўся да вернікаў з заклікам прасіць у Маці Божай дару міру, асабліва ў закатаванай Украіне. «Няхай кіраўнікі дзяржаў прыслухаюцца да голасу тых, хто пакутуе і хоча міру».

У пропаведзі перад малітвай Францішак сказаў, што вера ў Ісуса Хрыста — гэта не набор ідэй, у якія трэба верыць, а дарога, падарожжа і пілігрымка, якую трэба здзейсніць. Ён адзначыў, што да Неба можна дабрацца праз любоў да Ісуса і паказваючы яе іншым.

Рымскі Папа дадаў, што мы не павінны дазволіць сучаснасці авалодаць намі. Таму трэба ўзірацца ў Неба і памятаць пра сваю мэту: заклік да вечнасці і сустрэчу з Богам.

ПР/юл