Беларуская Служба

Украінскае войска за ўчорашні дзень адбіла 42 варожыя атакі

09.05.2023 11:32
Украінскае камандаванне падсумавала абстаноўку на фронце на 440-ы дзень наступлення рускіх акупантаў.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/Mykola Kalyeniak

За мінулыя суткі ўкраінская армія адбіла 42 атакі расійскіх войск у Данецкай вобласці, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны. 

У дакладзе штаба гаворыцца, што Расія працягвае канцэнтраваць свае намаганні ва ўсходняй частцы Данецкай вобласці. Цяжкія баі ідуць за гарады Бахмут і Мар'інка.

За апошнія суткі па ўсёй тэрыторыі Украіны расіяне нанеслі 30 ракетных удараў і 61 авіяўдар. Яны таксама выпусцілі 89 ракет з рэактыўных сістэм залпавага агню. Яны бамбілі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў і населеныя пункты. У выніку гэтых нападаў прыватныя дамы і грамадзянская інфраструктура былі разбураны. Ёсць ахвяры.

На думку штаба, далейшыя абстрэлы магчымыя па ўсёй краіне. Таму камандаванне звяртаецца да грамадзян з просьбай не ігнараваць сігналы трывогі.

Генштаб таксама паведамляе, што ў Запарожскай вобласці акупанты працягваюць рабаваць грамадзян Украіны, прадпрыемствы і дзяржаўныя ўстановы. Яны перавозяць нарабаванае, выкарыстоўваючы дапамогу аўтаўладальнікаў з ліку мясцовых калабарацыяністаў. Нарабаванае вязуць у бок Крыма.

Украінскія войскі контратакуюць. За апошнія суткі авіяцыя нанесла 16 налётаў на раёны канцэнтрацыі расіян. Супрацьпаветраная абарона знішчыла варожы беспілотнік-разведчык Zala. У сваю чаргу артылерыя абстраляла, у тым ліку, тры раёны канцэнтрацыі расійскіх сіл і два склады боепрыпасаў.

ПР/юл