Беларуская Служба

Бельгія першая выкарыстае замарожаныя расійскія актывы дзеля падтрымкі Украіны

13.05.2023 11:48
Палова пакета будзе выдзелена на ваенныя мэты.
.
Ілюстрацыя. Сцяг Бельгііфота: Pixabay.com/OpenClipart-Vectors

Бельгія прафінансуе новы пакет падтрымкі Украіны ў памеры 92 мільёнаў з расійскіх грошай. Будуць выкарыстоўвацца паступленні ад расійскіх актываў, замарожаных пад санкцыямі ЕЗ. Такім чынам, Бельгія першая зрабіла тое, аб чым у Еўразвязе гавораць ужо шмат месяцаў.

Кіраўнік урада Бельгіі Аляксандр Дэ Кру (Alexander De Croo) паведаміў, што палова пакета будзе выдзелена на ваенныя мэты – бранятэхніку, зброю і боепрыпасы, а другая палова – на гуманітарную дапамогу і будучае аднаўленне Украіны. «Гэта не грошы бельгійцаў, гэта грошы расіян, якія мы не забярэм, а прызначым на падтрымку нашых сяброў з Украіны», – падкрэсліў Аляксандр Дэ Кру.

Зараз у ЕЗ абмяркоўваецца магчымасць выкарыстання расійскіх актываў, замарожаных пад санкцыямі ЕЗ. Еўракамісія прапанавала стварыць фонд, які б кіраваў замарожанымі рэзервамі Цэнтрабанку, а атрыманыя прыбыткі ішлі б ва Украіну. Аднак некаторыя краіны выказалі сумневы, паколькі гэта складана ў юрыдычным плане. Паводле ацэнак экспертаў, у Еўразвязе знаходзіцца больш за 30 мільярдаў еўра замарожаных сродкаў Цэнтрабанку Расіі.

IAR/нг