Апазіцыйны Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі выступае катэгарычна супраць змякчэння санкцыяў ЕС у дачыненні да рэжыму ў Мінску.
Ліст па гэтай справе Павел Латушка напісаў амбасадару Польшчы ў ЕС Анджэю Садосю, аб чым паведаміла карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка.
Сёння амбасадар Польшчы прачытаў яго фрагменты на сустрэчы прадстаўнікоў краінаў-сябраў у Бруселі, што зʼяўляецца прэцэдэнтам.
Нагадаем, змякчэння санкцый патрабуе група краін на чале з Партугаліяй, якая дамагаецца вывесці калійную соль з-пад уведзеных раней абмежаванняў і заяўляе, што санкцыі зʼяўляюцца пагрозай глабальнай харчовай бяспецы.
«Гэта ключавы аргумент, які выкарыстоўвае рэжым Лукашэнкі і лабісты», – падкрэслівае ў лісце Павел Латушка. Маўляў, увядзенне санкцый у дачыненні да ключавога вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалію» і іншых кампаній, якія перапрацоўваюць калій, наносіць шкоду сусветнаму харчоваму рынку.
«Факты, аднак, гавораць пра адваротнае», – піша Павел Латушка і спасылаецца на дадзеныя ААН, развейваючы аргументы Партугаліі, таму, што сусветны індэкс коштаў на прадукты падае, цэны на ўгнаенні таксама падаюць; дэфіцыту калійных угнаенняў ні ў Еўрасаюзе, ні ў любой іншай краіне, якая далучылася да санкцый, няма.
Латушка таксама напісаў, што беларускі рэжым дапамагае расіянам выкрадаць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Каля дзвюх тысяч былі перавезены ў лагеры Беларусі. Адна з іх пад назвай «Дубрава» належыць кампаніі «Беларуськалій», якая дапамагае ў незаконных дэпартацыях дзяцей.
Павел Латушка таксама звярнуў увагу на яшчэ адну рэч – здабыча і перапрацоўка калію зʼяўляюцца асноўнымі крыніцамі замежнай валюты, дзякуючы якой рэжым Лукашэнкі можа падтрымліваць расійскую агрэсію ва Украіне.
«Змякчэнне гэтых санкцый будзе азначаць павелічэнне магчымасці фінансавання нападаў на Украіну і ваенных злачынстваў», – падкрэсліў Павел Латушка.
яс/IAR