Беларуская Служба

The Telegraph: Германія будзе настойваць на адтэрміноўцы ўступлення Украіны ў НАТА

09.07.2023 11:15
Нямеччына плануе пераканаць іншыя краіны НАТА засяродзіцца на гарантыях бяспекі, а не на прапанове сяброўства Кіеву.
Сцягі Украіны і НАТАfoto: www.nato.int

Германія будзе настойваць на адтэрміноўцы ўступлення Украіны ў НАТА, баючыся, што гэты крок можа ўцягнуць Альянс у вайну з Расіяй, паведамляе брытанскае выданне The Telegraph са спасылкай на крыніцу ў Альянсе.

На сёлетнім саміце ў Вільні Нямеччына плануе пераканаць іншыя краіны НАТА засяродзіцца на гарантыях бяспекі Кіеву, а не на прапанове сяброўства.

«Берлін не хоча прапаноўваць Украіне неадкладнае сяброўства. Прапануе пачаць працэс і даць час для распрацоўкі гарантый, што, па сутнасці, блакуе сяброўства. Германія не хоча, каб Уладзімір Пуцін патэнцыйна перагледзеў пяты артыкул», – цытуе крыніцу The Telegraph.

Дыпламаты і чыноўнікі кажуць, што Украіне, хутчэй за ўсё, будзе прапанавана пагадненне тыпу «Бухарэст плюс», якое абапіраецца на ранейшае абяцанне краіне далучэння да НАТА, але не будзе абсалютнай гарантыяй уступлення.

«Цяпер Злучаныя Штаты, Германія і Францыя працуюць над прапановамі па выкладанню сваёй падтрымкі Кіева ў юрыдычна абавязковых пагадненнях. Гэта ўзмацніла б заходнюю ваенную дапамогу, а таксама пакет навучання і будучыя крокі, такія як перадача знішчальнік F-16», – адзначае выданне.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнбэрг раней заяўляў, што на саміце ў Вільні лідары альянсу прымуць пакет па Украіне, які будзе ўтрымліваць тры асноўныя элементы. Пры гэтым ён не стаў раскрываць змест будучага рашэння НАТА аб сяброўстве Украіны.

яс/IAR