Беларуская Служба

Вільня рыхтуецца да саміту NATO

10.07.2023 11:12
Усе працы, звязаныя з гэтай падзеяй, завершаныя, паведамілі ў віленскім магістраце.
Ілюстрацыйны здымакEPA/FILIP SINGER Dostawca: PAP/EPA.

З сённяшняга дня ў літоўскай сталіцы пачынаюць дзейнічаць абмежаванні, звязаныя з сустрэчай лідараў Альянсу.

Мэр Вільні Валдас Банкунас расказаў журналістам, што гораду ўдалося своечасова завяршыць усе неабходныя работы, звязаныя, у тым ліку, з паляпшэннем інфраструктуры. «Мы бачым, што наша мэта – абнаўленне ста кіламетраў асфальтаваных дарог – рэалізавана дакладна і якасна», - адзначыў у пятніцу мэр горада.

У сталіцу Літвы прыедуць дзясяткі сусветных лідараў. У месцы, дзе пройдзе саміт Альянсу, гэта значыць у выставачна-кангрэсным цэнтры «Літэкспа», падрыхтаваныя новыя павільёны, прыстасаваныя да сустрэчы. У канферэнц-залах змогуць працаваць каля дзвюх тысяч акрэдытаваных журналістаў.

Аднак саміт Альянсу звязаны з дадатковымі цяжкасцямі для жыхароў літоўскай сталіцы. З сённяшняга дня ўступаюць у сілу некаторыя абмежаванні руху транспарту ў Старым горадзе. Некаторыя кварталы або вуліцы будуць закрыты цалкам, а іншыя - толькі часова. Да большасці з гэтых месцаў можна дабрацца толькі пешшу. У сваю чаргу да чацвярга праезд у грамадскім транспарце ў горадзе будзе бясплатным.

З заўтрашняга дня таксама дзейнічае поўная забарона на палёты над Вільняй і ў радыусе 30 кіламетраў ад горада, у тым ліку на паветраных шарах і беспілотнікаў. На мінулым тыдні Літва таксама аднавіла кантроль, у тым ліку на межах з Польшчай і Латвіяй.

ПР/юл