Беларуская Служба

Французы адзначаюць нацыянальнае свята

14.07.2023 11:15
У гадавіну рэвалюцыі па ўсёй краіне ладзяць канцэрты, танцы і феерверкі, а ў Парыжы праходзіць вялізны ваенны парад.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон выступае з прамовай перад ваеннымі напярэдадні Дня ўзяцця Бастыліі ў рэзідэнцыі міністра абароны ў ПарыжыEPA/TERESA SUAREZ / POOL Dostawca: PAP/EPA.

У гэтым годзе некаторыя мерапрыемствы былі адменены з-за пагрозы беспарадкаў у кварталах імігрантаў.

Міністэрства ўнутраных спраў Францыі на выходныя мабілізавала 130 000 паліцэйскіх і жандараў, каб пазбегнуць паўтору беспарадкаў у прыгарадах французскіх гарадоў.

Міністэрства таксама мабілізуе спецыяльныя падраздзяленні паліцыі і жандармерыі RAID, GIGN і BRI, шырока вядомыя як брыгады па барацьбе з бандамі, а таксама верталёты, беспілотнікі, бронетэхніку, а таксама вадамёты, якія будуць разгорнутыя ў т.зв. адчувальных раёнах Парыжа.

Міністр унутраных спраў Джэральд Дарманін вырашыў мабілізаваць 45 тысяч паліцэйскіх і жандараў кожны вечар, у тым ліку амаль 10 тысяч у Парыжы.

Паліцыя канфіскуе піратэхнічныя вырабы, якія адпраўляюцца ў Францыю з Чэхіі і Польшчы праз Нямеччыну.

Паміж 5 і 7 ліпеня па меншай меры 1,5 тоны феерверкаў былі перахопленыя па ўсёй сталіцы Парыжа. Паводле інфармацыі штодзённіка Le Figaro, аднаму з «кантрабандыстаў» заплацілі 2 тысячы еўра за дастаўку феерверкаў удзельнікам беспарадкаў.

У сваю чаргу жандары падчас агляду грузавіка польскага перавозчыка канфіскавалі 5 ліпеня ў Гічэне 2,7 тоны піратэхнічных вырабаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў якасці зброі супраць паліцыі, паведамляе французская штодзёнка.

У мінулую нядзелю ўрад апублікаваў указ, які забараняе да 15 ліпеня продаж і транспарціроўку феерверкаў, якія часта выкарыстоўваюцца пратэстоўцамі і бандытамі для нападу на паліцыю. «Толькі прафесіяналы, якія будуць арганізоўваць феерверкі ў камунах, змогуць іх купіць», — папярэдзіла прэм'ер-міністр Элізабэт Борн, якая абвясціла «масавыя меры па абароне французаў».

Многія гарады адмянілі феерверкі, у першую чаргу Нантэр, эпіцэнтр апошніх беспарадкаў, але таксама Сартрувіль, Савіньі-сюр-Орж і Мелун.

Па ўсёй краіне, за некаторымі выключэннямі, аўтобусы і трамваі будуць спыненыя з 22:00 і нават з 21:00 у Парыжскім рэгіёне.

У пятніцу вечарам у Парыжы, як звычайна, адбудзецца феерверк з Эйфелевай вежы. Шоу будзе папярэднічаць канцэрт на Марсавым полі ў выкананні Нацыянальнага аркестра Францыі.

Улады сталіцы заявілі, што з прычын бяспекі ў суботу ў Парыжы будзе забароненая дэманстрацыя супраць паліцэйскага гвалту, а таксама ўсе дэманстрацыі, «непасрэдна звязаныя з беспарадкамі».

Штогод падчас святкавання свята 14 ліпеня ў Францыі адбываюцца беспарадкі.

ПР/юл