Беларуская Служба

Прэзідэнт Байдэн анансаваў дадатковыя санкцыі супраць расіян, якія маюць дачыненне да выкрадання дзяцей з Украіны

24.08.2023 17:30
Пакуль адміністрацыя ЗША не паведамляе падрабязнасці санкцыяў.
Джо Байдэнфота: Oscar Ivan Lopez/ Shutterstock

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў аб увядзенні новых санкцый супраць адказных у прымусовым вывазе ўкраінскіх дзяцей у Расію.

«Гэтых дзяцей выкралі ў бацькоў і трымаюць далёка ад іх сем'яў. Гэта ганебна. І сёння мы заяўляем аб новых санкцыях, аб прыцягненні да адказнасці вінаватых у гэтых прымусовых дэпартацыях і патрабуем, каб украінскія дзеці былі вернутыя ў родныя семʼі», – напісаў Байдэн у Заяве з нагоды Дня незалежнасці Украіны.

Пакуль адміністрацыя ЗША не паведамляе падрабязнасці санкцыяў. Летась у санкцыйны спіс трапіла расійская ўпаўнаважаная Прэзідэнта па правах дзіцяці Марыя Львова-Бялова.

«Я шчыра веру, што ў наступным годзе ўкраінцы змогуць адсвяткаваць Дзень Незалежнасці ў міры і бяспецы, ведаючы, як іх незвычайная мужнасць натхніла свет», – сказаў Байдэн.

яс/PAP