Беларуская Служба

Мінулай ноччу ВПС Украіны знішчыла 29 з 31 беспілотнікаў-камікадзэ, запушчаных расійскімі войскамі

03.10.2023 12:19
У верасні колькасць расійскіх нападаў на Украіну з выкарыстаннем іранскіх беспілотнікаў-камікадзэ «Шахед-136» стала найбольшай з пачатку вайны. 
.
.PAP/EPA/FILIPE AMORIM

- У ноч з панядзелка на аўторак нашы сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі 29 з 31 беспілотніка-камікадзэ іранскай вытворчасці тыпу «Шахед», запушчаных расійскімі войскамі па цэлях ва Украіне, паведамілі ў ВПС Украіны ў Telegram.

Беспілотнікі, якія вылецелі з акупаванага Крыма, былі нейтралізаваныя ў паветранай прасторы над Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцямі, на ўсходзе і поўдні краіны. Таксама была знішчана адна крылатая ракета «Іскандэр-К», паведаміла камандаванне ВПС.

У верасні колькасць расійскіх нападаў на Украіну з выкарыстаннем іранскіх беспілотнікаў-камікадзэ «Шахед-136» стала найбольшай з пачатку вайны. Акупанты выпусцілі 503 беспілотнікі, але ўдалося знішчыць ажно 396 такіх машын, або амаль 79%, паведаміў у нядзелю ўкраінскі вайсковы партал Defense Express.

У верасні 2022 года Расія пачала выкарыстоўваць на ўкраінскім фронце беспілотныя лятальныя апараты, імпартаваныя з Ірана. Беспілотнікі-камікадзэ, у асноўным тыпу «Шахед», маюць радыус дзеяння прыкладна да 1000 км і могуць несці да 50 кг выбухоўкі.

Гэтыя машыны выкарыстоўваюцца для нанясення ўдараў па грамадзянскіх аб'ектах і абʼектах крытычнай інфраструктуры практычна на ўсёй тэрыторыі краіны.

Мінулай восенню ваенныя аналітыкі паказалі, што большасць паўправаднікоў і іншых кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца ў Шахедах, паходзяць з Захаду.

Урад у Тэгеране паслядоўна адмаўляе, што прадаў свае беспілотнікі Маскве для выкарыстання ва Украіне. У лістападзе 2022 года міністр замежных спраў Хасейн Амір Абдалахіян пацвердзіў, што Іран перадаў Расіі «пэўную колькасць» беспілотнікаў, але – на яго думку – гэта адбылося за некалькі месяцаў да ўварвання Крамля ў суседнюю краіну.

ав