Беларуская Служба

Уладзімір Зяленскі: Расія будзе гатовая да новай агрэсіі пасля 2028 года

06.10.2023 09:11
Ва Украіны ёсць інфармацыя аб тым, што Крэмль будзе гатовы напасці на іншую еўрапейскую краіну праз 5 гадоў, калі ёй дадуць магчымасць аднавіць вайсковы патэнцыял пасля паражэнняў ва Украіне.
Уладзімір ЗяленскіPAP/EPA/PEPE TORRES

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што калі ўкраінскі канфлікт па якіх-небудзь прычынах будзе замарожаны, Расія будзе гатовая да новай агрэсіі пасля 2028 года.

Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт казаў падчас трэцяга саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў іспанскай Гранадзе. Ён паведаміў, што ва Украіны ёсць інфармацыя аб тым, што Крэмль будзе гатовы напасці на іншую еўрапейскую краіну праз 5 гадоў, калі ёй дадуць магчымасць аднавіць вайсковы патэнцыял пасля паражэнняў ва Украіне.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што вучні ў Харкаве вучацца на станцыях метро, таму што гораду пагражае расійская атака. Ён дадаў, што тое ж самае патэнцыйна можа пагражаць любому з суседзяў Расіі. Расійскія прапагандысты рэгулярна абмяркоўваюць, хто можа стаць наступным аб'ектам нападу:

-Ці дастаткова ў вашых гарадах станцый метро, дзе можна будзе арганізаваць заняткі для дзяцей, калі расійская пагроза стане рэальнай? Цяпер у Расіі разглядаюцца розныя сцэнары на бліжэйшыя гады. Калі адбудзецца нейкі перапынак у агрэсіі супраць Украіны, нейкае замарожванне цяперашняй сітуацыі, новы крытычны момант наступіць у 2028 годзе. Да 2028 году Крэмль зможа аднавіць знішчаны Украінай вайсковы патэнцыял і будзе гатовы атакаваць краіны, якія з’яўляюцца аб’ектам расійскай экспансіі.

Прэзідэнт Зяленскі адзначыў, што Расія разглядае краіны Балтыі і краіны з расійскай меншасцю як патэнцыйныя аб’екты агрэсіі. «Гэта ясная інфармацыя ад украінскай выведкі. І мы перадаем яе непасрэдна вам», – дадаў прэзідэнт Зяленскі.

ав