Беларуская Служба

Улады Ірана забралі пашпарты сям'і Махсы Аміні, не даўшы ім паехаць на цырымонію прэміі Сахарава

09.12.2023 16:45
Іранскія ўлады забралі пашпарты ў сямʼі Махсы Аміні, не даючы ім атрымаць прэмію Сахарава, прысуджаную пасмяротна маладой жанчыне Еўрапейскім парламентам.
Protesty w Iranie po śmierci młodej dziewczyny.
Protesty w Iranie po śmierci młodej dziewczyny/.PAP/EPA/CHRISTOPHE PETIT TESSON

У пятніцу ў тэгеранскім аэрапорце імя Імана Хамейні маці, бацьку і брату Аміні паведамілі, што ім забаронены выезд за мяжу, пашпарты забралі.

Махса Аміні была 22-гадовай іранскай курдкай. Яна была арыштаваная тэгеранскай паліцыяй 13 верасня 2022 г. нібыта за ігнараванне строгіх правілаў Ірана аб пакрыванні валасоў і памерла праз тры дні ў шпіталі Тэгерана ў выніку фізічнага гвалту, які быў супраць яе прыменены падчас зняволення.

Яе смерць выклікала масавыя пратэсты па ўсім Іране. Пад лозунгам «Жанчына, жыццё, свабода» іранскія жанчыны пратэставалі супраць закона аб хіджабе і іншых дыскрымінацыйных правілаў.

Пасля жорсткага падаўлення пратэстаў іранскім рэжымам Еўрапарламент неаднаразова асуджаў трагічную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

У кастрычніку 2022 года дэпутаты Еўрапарламента заклікалі ўвесці санкцыі супраць іранскіх афіцыйных асоб, датычных як да смерці Махсы Аміні, так і да рэпрэсій супраць пратэстоўцаў.

19 кастрычніка Еўрапарламент уручыў прэмію Сахарава за свабоду думкі Аміні і руху «Жанчыны, жыццё, свабода». Гэтая адзнака, заснаваная ў 1980 годзе, прызначана для ўзнагароджання людзей і арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека і асноўнымі свабодамі. Прэмія ўручаецца разам з сумай 50 000 еўра. Цырымонія ўзнагароджання запланавана на 13 снежня ў Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу.

Летась парламент уручыў узнагароду ўкраінскаму народу.

РАР/вх