Польскі міністр з афіцыйным візітам прыбыў у Кіеў. Ён паразмаўляў з кіраўніком украінскай дыпламатыі Дзмітрыем Кулеба аб праблемах у адносінах дзвюх краін.
Падчас сустрэчы Сікорскага з Кулебай ва ўкраінскай сталіцы была абвешчаная пагроза бамбардзіроўкі. На гэта спасылаўся ў сваім выступе польскі міністр. Ён сказаў, што для суседняй краіны недапушчальна нападаць на суседа, бамбіць яго, знішчаць цэлыя гарады, дэпартаваць дзяцей і рыхтавацца да знішчэння суседа, які нічога дрэннага не зрабіў.
Радаслаў Сікорскі запэўніў, што Польшча падтрымлівае Украіну ў яе барацьбе з агрэсарам. Ён падкрэсліў, што Украіна — свабодная і еўрапейская краіна, якая хоча жыць у дэмакратыі ды міры, і хоча сама вырашаць свой лёс. Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што Польшча будзе дапамагаць Украіне адстойваць гэтае права.
Кіраўнік польскай дыпламатыі павіншаваў украінцаў з пачаткам перамоў аб уступленні ў Еўрасаюз. Ён сказаў, што да гэтага прыклаў руку новы польскі прэм'ер Дональд Туск, ён сябра свабоды і Украіны.
Радаслаў Сікорскі падкрэсліў, што паміж Польшчай і Украінай таксама існуюць праблемы - гістарычныя пытанні і сучасныя непаразуменні. Таму, дадаў ён, з ім прыехалі намеснікі міністраў транспарту і сельскай гаспадаркі. «Мы павінны аднавіць умовы сумленнай канкурэнцыі — каб усе выйгравалі ад гандлю і транспарту», — падкрэсліў Радаслаў Сікорскі. Ён сказаў, што перамовы, якія працягваюцца, могуць прывесці да кампраміснага рашэння.
Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што падчас польскага старшынства ў ЕС, якое пачнецца праз год, Польшча будзе ў значна больш моцнай пазіцыі, каб зрабіць для Украіны тое, што яна зрабіла ў 2011 годзе. Тады быў дапрацаваны тэкст пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС.
ПР/юл