Беларуская Служба

У Сектары Газа больш за 200 забітых за апошнія 24 гадзіны

24.12.2023 09:14
 Баі працягваюцца ў гарадах Газа і Хан-Юнус, якія Ізраіль лічыць асноўнымі пунктамі супраціву арганізацыі ХАМАС.
       -
Дым падымаецца пасля ізраільскіх авіяўдараў па горадзе Хан-Юніс падчас ізраільскай аперацыі на поўдні Сектара ГазаEPA/MOHAMMED SABER Dostawca: PAP/EPA.

Паводле ўладаў Газы, з пачатку вайны было забіта больш за 20 тысяч палесцінцаў. У ходзе наземнага наступу ў Сектары загінулі 144 ізраільскія жаўнеры.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што падчас учорашняй тэлефоннай размовы з прэм'ер-міністрам Ізраіля не прасіў яго аб спыненні агню ў Сектары Газа. Як паведамляе Белы дом, прэзідэнт заклікаў прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху бараніць жыццё мірнага насельніцтва падчас баёў.

«Прэзідэнт падкрэсліў тэрміновую неабходнасць абароны цывільных асоб, у тым ліку тых, хто падтрымлівае аперацыі па аказанні гуманітарнай дапамогі, і важнасць таго, каб жыхары маглі бяспечна пакінуць зоны баявых дзеянняў», — гаворыцца ў заяве Белага дома. Лідары ЗША ды Ізраіля ​​таксама абмеркавалі далейшыя этапы ізраільскай аперацыі, а таксама важнасць вызвалення ўсіх закладнікаў.

Кабінет прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху паведамляе, што падчас размовы кіраўнік ізраільскага ўрада выказаў удзячнасць за пазіцыю ЗША ў Савеце Бяспекі, маючы на ўвазе адмову Вашынгтона падтрымаць абавязковы заклік ААН да спынення агню ў Газе. Нетаньяху растлумачыў амерыканскаму прэзідэнту, што Ізраіль будзе працягваць вайну «да таго часу, пакуль не будуць дасягнуты ўсе мэты» — тэрарыстычная групоўка ХАМАС будзе разгромлена, а ізраільскія закладнікі, якіх яна ўтрымлівае, вернуцца дадому.

ПР/юл