У ноч з суботы на нядзелю расійскія войскі абстралялі цэнтральную частку горада Херсон на поўдні Украіны. Тры чалавекі загінулі, паведаміў старшыня Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін. Ён дадаў, што за мінулыя суткі ў Херсонскай вобласці агулам загінулі чацвёра мірных жыхароў, дзевяць атрымалі раненні.
Артылерыйскі снарад трапіў у прыватны дом. 87-гадовы мужчына і яго 81-гадовая жонка загінулі на месцы. Цела яшчэ аднаго мужчыны было знойдзена падчас пошукава-выратавальных работ у іншым пашкоджаным будынку ў цэнтры горада. Гэта трэці загінулы ў выніку начнога абстрэлу, паведаміў Пракудзін .
Усяго за мінулыя суткі войскі праціўніка 88 разоў абстралялі гарады Херсонскай вобласці з авіяцыі, танкаў, артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, мінамётаў і беспілотнікаў. Сярод дзевяці пацярпелых - адно дзіця, дадаў у іншым ранішнім паведамленні кіраўнік рэгіянальных уладаў
Паветраныя сілы УСУ паведамляюць, што ў ноч на нядзелю расійскія акупанты атакавалі Украіну 15 ударнымі дронамі тыпу «шахед» з раёна горада Прыморска-Ахтарск у Краснадарскім краі.
Украінскія вайскоўцы паведамляюць, што 14 з 15 беспілотнікаў былі збітыя.
Па дадзеных Паветраных сіл, дроны знішчаны над тэрыторыяй Мікалаеўскай, Кіраваградскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Хмяльніцкай абласцей.
РАР/юл