Некалькі дзясяткаў палестынскіх баевікоў былі забітыя ізраільскімі сіламі ў горадзе Газа за апошнія 24 гадзіны, паведамілі ў суботу Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ). Палестынскі бок паведамляе пра 187 загінулых палестынцаў за апошнія 24 гадзіны.
Ваенна-марскія і ваенна-паветраныя сілы Ізраілю атакавалі групоўкі баевікоў і інфраструктуру ў сектары Газа. Адбылося некалькі сутычак.
Два будынкі, якімі карыстаўся ХАМАС, у горадзе Бейт-Лахія на поўначы сектара Газа былі разбураны. Там была канфіскаваная вялікая колькасць вайсковай тэхнікі, у тым ліку бомбы, вінтоўкі і тэлекамунікацыйнае абсталяванне.
Палестынскі бок паведаміў аб інтэнсіўным ізраільскім танкавым абстрэле і бамбардзіроўцы горада Хан Юнус у паўднёвай частцы сектара Газа ў ноч з пятніцы на суботу. Ізраільскія сілы таксама нанеслі серыю авіяўдараў па лагеры палестынскіх бежанцаў Нусайрат у цэнтральнай частцы сектара Газа.
Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галант заявіў, што ізраільскія войскі атакуюць камандныя цэнтры ХАМАС і склады зброі. Ізраільскія вайскоўцы заяўляюць аб разбурэнні комплексу тунэляў у падвале аднаго з дамоў лідара ХАМАС Ях'і Сінвара ў горадзе Газа.
Палестынскія СМІ паведамляюць, што 106 палестынскіх журналістаў загінулі ў выніку ізраільскага наступу, які адбыўся пасля нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка. Reuters нагадвае, што амаль 2,3 мільёна жыхароў сектара Газа ўжо пакінулі свае дамы.
ав