Украінскія беспілотнікі атакавалі нафтавыя базы ў Смаленскай вобласці
Беспілотнікі Службы бяспекі Украіны (СБУ) атакавалі дзве нафтавыя базы ў Смаленскай вобласці на захадзе Расіі, пацвердзіў сайт «Украинской правды» са спасылкай на крыніцы ў СБУ.
У ноч з аўторка на сераду былі знішчаныя «дзве базы захоўвання і перапампоўкі гаруча-змазачных матэрыялаў у гарадах Ярцава і Раздорава Смаленскай вобласці Расіі», паведаміла крыніца.
Раней губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін паведаміў, што пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў у сераду ў Смаленскай вобласці адбыўся пажар. Паводле яго слоў, «у выніку варожага нападу» на «грамадзянскія паліўна-энергетычныя аб'екты» ўзніклі пажары ў Смаленскім і Ярцаўскім раёнах.
Напад таксама адбыўся ў Варонежскай вобласці, дзе беспілотнікі выклікалі пажар, паведамляе ўкраінскі партал Kyiv Independent са спасылкай на расійскія СМІ.
Губернатар Ліпецкай вобласці на паўднёвым захадзе Расіі Ігар Артамонаў паведаміў у Telegram, што ў гэтым рэгіёне мясцовую прамысловую зону атакаваў беспілотнік. Нягледзячы на тое, што ніхто не пацярпеў, мясцовыя жыхары былі эвакуяваныя, сказаў кіраўнік абласной адміністрацыі.
Губернатар не паведаміў, ці ёсць пашкоджанні і якія збудаванні былі аб'ектам нападу.
яс/PAP