Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан прыехаў з візітам у Кіеў

02.07.2024 08:13
Гэта першая паездка кіраўніка венгерскага ўрада ва Украіну з пачатку расійскага ўварвання.
Ілюстрацыйны здымакEPA/ZOLTAN FISCHER / HUNGARIAN PM PRESS OFFICE Dostawca: PAP/EPA.

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан прыехаў у Кіеў на перамовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Пра гэта Reuters паведаміў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Берталан Хавасі. Агенцтва адправіла яму па электроннай пошце пытанне з гэтай нагоды, на якое прэс-сакратар адказаў станоўча.

Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан ужо знаходзіцца ў Кіеве, паведамляе Reuters. Украінскія СМІ адзначаюць, што гэта будзе першая паездка кіраўніка венгерскага ўрада ва Украіну з пачатку расійскага ўварвання.

Financial Times піша, што Віктар Орбан наведвае Кіеў адразу пасля таго, як Венгрыя пераняла старшынства ў Еўрасаюзе. Газета падкрэслівае, што кіраўнік венгерскага ўраду быў адным з самых адкрытых крытыкаў ваеннай дапамогі Украіне сярод лідараў усіх краін НАТА. Штодзёнка таксама папракнула Орбана ў тым, што ён не адразу падтрымаў пачатак перамоў ЕС з Украінай.

У сваю чаргу незалежны расійскі партал Meduza нагадаў, што Віктар Орбан — адзін з нямногіх кіраўнікоў еўрапейскіх краін, якія сустракаліся з дыктатарам Уладзімірам Пуціным пасля пачатку вайны.

ПР/юл