Беларуская Служба

«NYT»: Расія паскардзілася ЗША на «сакрэтную аперацыю» Украіны

27.07.2024 17:15
Кіеву прыйшлося прыпыніць дзейнасць.
Кіраўнік Пентагона Лойд Осцін PAP/EPA/JIM LO SCALZO

Крэмль накіраваў у ЗША скаргу з нагоды «сакрэтнай аперацыі» Украіны супраць Расіі, нібыта спланаванай са згоды Вашынгтона. Пасля размовы міністра абароны Расіі Андрэя Белавусава з кіраўніком Пентагона Лойдам Осцінам ЗША папрасілі Украіну не прадпрымаць ніякіх дзеянняў, паведаміла New York Times.

З лютага 2022 года, пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, Осцін пяць разоў размаўляў з міністрамі абароны Расіі, у асноўным па ініцыятыве ЗША. У ліпені новы кіраўнік Мінабароны ў Маскве, які змяніў у траўні Сяргея Шайгу, звязаўся з Пентагонам з нагоды меркаванай кіеўскай аперацыі. Гэтая акцыя, распачатая Украінай і накіраваная супраць Расіі, можа яшчэ больш пагоршыць амерыкана-расійскія адносіны, паведамляе ў пятніцу NYT.

«Прадстаўнікі Пентагона былі здзіўлены абвінавачаннямі і не ведалі ні пра якую аперацыю», – заявілі ў інтэрв'ю штодзённіку два амерыканскія чыноўнікі, якія пажадалі застацца неназванымі. «Аднак тое, што сказаў Белавусаў, было ўспрынята настолькі сурʼёзна, што амерыканцы звязаліся з украінцамі і сказалі ім устрымацца ад правядзення аперацыі, калі такі план сапраўды існуе», – дадалі крыніцы NYT.

«Нягледзячы на глыбокую залежнасць Украіны ад Злучаных Штатаў у ваеннай, разведвальнай і дыпламатычнай падтрымцы, украінцы не заўсёды празрыстыя з амерыканскімі саюзнікамі аб сваіх ваенных аперацыях, асабліва супраць абʼектаў за лініяй фронту. Гэтыя аперацыі расчаравалі амерыканцаў, якія лічаць, што яны не палепшылі сітуацыю Украіны на полі бою, але ўяўлялі сабой рызыку эскалацыі канфлікту», – адзначае штодзённік.

За апошнія два гады аперацыі, якія былі з дыстанцыяй прынятыя ў Вашынгтоне, уключалі, сярод іншага: атаку на расійскую авіябазу на заходнім узбярэжжы акупаванага Крыма, а таксама атака, у выніку якой была разбурана частка моста ў Керчанскім праліве, які злучае Расію з Крымам, і атакі беспілотнікаў углыб расійскай тэрыторыі, – паведамляе «NYT».

Прэс-сакратар Пентагона Сабрына Сінгх, каментуючы размову Осціна з Белавусавым, падкрэсліла, што абодва бакі «падкрэслілі важнасць захавання ліній сувязі ва ўмовах вайны (Расія-Украіна), якая працягваецца».

NYT паведаміла, што Осцін папярэдзіў свайго расійскага калегу, каб ён не пагражаў амерыканскім войскам у Еўропе з-за сітуацыі ва Украіне. Праз некалькі дзён пасля гэтай размовы Вашынгтон вырашыў павысіць узровень трывогі на ваенных базах у Еўропе ў адказ на незразумелыя паведамленні з Крамля.

«Пакуль ніводная з амерыканскіх баз не была абʼектам расійскіх нападаў, але калі б яны адбыліся, гэта азначала б значную эскалацыю», – адзначае амерыканскі штодзённік.

РАР/ав