Беларуская Служба

Зяленскі для японскага ТВ: Да лістапада мы распрацуем мірны план

28.07.2024 17:01
«Цярпенне, падтрымка і дыпламатычны ціск – тры фактары справядлівага спынення вайны (з Расіяй)», – сказаў Зяленскі.
Блокпост на ўскраіне Харкава PAP/EPA/SERGEY KOZLOV

- Да лістапада мы распрацуем мірны план, якому будзе папярэднічаць серыя перамоваў з рознымі краінамі аб тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў эксклюзіўным інтэрв'ю, якое транслявалася ў суботу японскаму тэлеканалу NHK.

«Цярпенне, падтрымка і дыпламатычны ціск – тры фактары справядлівага спынення вайны (з Расіяй)», – сказаў Зяленскі падчас размовы, запісанай 26 ліпеня ў прэзідэнцкім палацы ў Кіеве.

«Калі ЗША і краіны Еўропы захаваюць адзінства, гэта будзе (праявай) дадатковага ціску. Гэта пакажа Маскве, што ў яе няма шанцаў», – дадаў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што не можа станоўча рэагаваць на заклікі да спынення агню, калі Расія ўсё яшчэ акупуе частку ўкраінскай тэрыторыі. Ён сказаў, што Кіеў пачынае дэталёвыя перамовы з трэцімі краінамі, сярод іншага аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з мэтай распрацоўкі плана дзеянняў па міры.

«Гэту задачу я даручыў адміністрацыі прэзідэнта і дыпламатычным камандам. План будзе гатовы да канца лістапада», – паведаміў ён.

У гэтым кантэксце ён нагадаў, што Кітай не ўдзельнічаў у мірным саміце, які прайшоў у Швейцарыі ў чэрвені. «Аднак Кітай на нас не нападаў, таму мы не можам прымусіць іх гэта зрабіць», – падкрэсліў Зяленскі.

Гаворачы пра ўсё больш цесныя адносіны Кітая з Расіяй, ён сказаў: «Я хачу пачуць, пра што яны (Кітай) гавораць і якія сігналы пасылаюць. Мы гатовы сустрэцца з Кітаем. Мы гатовы выслухаць іх прапановы». Пры гэтым ён падкрэсліў, што паспрабуе паўплываць на Пекін праз краіны ЕС, якія маюць эканамічныя сувязі з Кітаем. Прэзідэнт ацаніў, што такія краіны павінны адыгрываць актыўную ролю ў мірным працэсе.

Зяленскі таксама паведаміў, што падчас тэлефоннай размовы з Дональдам Трампам 19 ліпеня ён сказаў кандыдату ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі, што Уладзімір Пуцін быў «забойцам» Украіны. «Нам трэба разумець, з кім мы маем справу. Трампу гэта вельмі важна разумець», – прызнаўся ён у інтэрвʼю NHK. Ён дадаў, што запрасіў Трампа наведаць Украіну, каб «убачыць сваімі вачыма» сітуацыю ў гэтай краіне.

Украінскі прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць падтрымкі, якую Токіо аказвае Кіеву.
«Японія зʼяўляецца прадстаўніком G7 і аказвала нам эканамічную, гуманітарную і тэхнічную падтрымку. Яны так хутка прыйшлі нам на дапамогу. Гэта была першая краіна, якая не ўваходзіць у НАТА, якая падпісала з Украінай пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне бяспекі», – нагадаў Зяленскі.

ав