Беларуская Служба

Паўночная Карэя адкрываецца для турыстаў. Хто паедзе?

23.08.2024 18:16
У канцы года Паўночная Карэя павінна адкрыцца для турыстаў з усяго свету (пакуль пускаюць толькі расіян). Пытанне: хто першым захоча наведаць рэжым Кіма?
Samjiyn.
Samjiyŏn.wikipedia.org

Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі пакуль не каментуюць паведамленні СМІ аб адкрыцці дзяржавы, хоць Кім Чэн Ын згадваў пра жаданне вітаць гасцей з «сяброўскіх» краін, Кітая і Расіі. «Афіцыйная матывацыя рэжыму мала змянілася — гэта жаданне прадставіць сучасную, задаволеную краіну, арыентаваную на непахісную публічную адданасць тром пакаленням дынастыі Кімаў», — піша Guardian.

Чакаецца, што першыя наведвальнікі будуць абмежаваныя Самджыёнам (Samjiyŏn), горадам недалёка ад кітайскай мяжы, які Паўночная Карэя апісвае як «сацыялістычную ўтопію» і «мадэль высокацывілізаванага горнага горада».

Турыстычнае агенцтва Koryo Tours, якое было вымушана спыніць візіты ў пачатку пандэміі, вітала паведамленні аб аднаўленні турызму, дадаўшы, што гэты крок, верагодна, распаўсюдзіцца на астатнюю частку краіны. «Пасля чакання гэтай аб'явы больш за чатыры гады Koryo Tours вельмі рада аднаўленню паўночнакарэйскага турызму», — заявіла пекінская кампанія на сваім сайце.

Прадстаўнікі індустрыі турызму заявілі, што чакаюць, што ў першай хвалі турызму будуць найперш  грамадзяне Кітая і, у святле нядаўніх сустрэч Кіма з Уладзімірам Пуціным, людзі з Расіі.

The Guardian паведамляе, што Кітай з'яўляецца самым важным рынкам, і кітайскія грамадзяне складаюць прыкладна 90 працэнтаў ад турыстаў, якія наведвалі Паўночную Карэю да COVID-19. Эксперты кажуць, што ў 2019 годзе Паўночную Карэю наведалі рэкордныя 300 тысяч замежных турыстаў, якія далі зарабіць ад 90 да 150 мільёнаў долараў. Да таго, як Злучаныя Штаты забаранілі сваім грамадзянам ездзіць у Паўночную Карэю, амерыканцы складалі 20 працэнтаў ад турыстаў, якія едуць паглядзець на рэжым Кіма.

businessinsider.com.pl/вх