Беларуская Служба

ЕС выдзеліць Украіне 160 мільёнаў еўра

19.09.2024 15:05
Гэтыя сродку пойдуць на гуманітарную дапамогу, аднаўленне інфраструктуры ды забеспячэнне электраэнергіяй.
Ілюстрацыйны здымакEPA/OLIVIER HOSLET Dostawca: PAP/EPA.

Еўрасаюз выдзеліць амаль 160 мільёнаў еўра на падтрымку Украіны, паведаміла кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Большая частка гэтых сродкаў паступіць з замарожаных расійскіх актываў.

«Мы забяспечым дадатковую суму амаль 160 мільёнаў еўра на гэтую зіму», — сказала Урсула фон дэр Ляен, патлумачыўшы, што «гэта ўключае ў сябе 60 мільёнаў еўра на гуманітарную дапамогу, а таксама прыкладна 100 мільёнаў еўра на рамонтныя работы ды аднаўляльныя крыніцы энергіі».

Кіраўніца Еўракамісіі дадала, што «гэтыя 100 мільёнаў еўра паходзяць з даходаў ад замарожаных расійскіх актываў у Еўрасаюзе». Паводле яе слоў, «Расія павінна заплаціць за нанесеныя ёю разбурэнні».

Урсула фон дэр Ляен падкрэсліла, што гэтай зімой ставіцца задача аднавіць ва Украіне 2,5 ГВт электраэнергіі, гэта значыць прыкладна 15% энергапатрэб краіны.

Кіраўніца Еўракамісіі адзначыла, што пакуль удалося адправіць больш за 10 тысяч электрагенератараў і трансфарматараў ва Украіну. Апроч таго працягваецца, сярод іншага, дэмантаж цеплаэлектрастанцыі ў Літве, якая частка за часткай возіцца ва Украіну, дзе будзе зноў запушчана.

Паводле ацэнак уладаў ЕС, падтрымка ўкраінскага энергетычнага сектара з лютага 2022 года склала не менш за 2 мільярды еўра.

ПР/юл