Беларуская Служба

У Галандыі каля 6000 бяздомных - гэта эканамічныя мігранты з Усходняй Еўропы

27.11.2024 17:12
Бяздомныя мігранты спяць у лясах, парках, на руінах будынкаў і лесвіцах. 
Ілюстрацыйны здымакImage by Ben Kerckx from Pixabay/CC0

Каля шасці тысяч эканамічных мігрантаў з Усходняй Еўропы засталіся бяздомнымі ў Нідэрландах. Значная частка з іх была працаўладкавана праз агенцтвы па працаўладкаванні па забароненых законам кантрактах. Гэтыя дагаворы прадугледжваюць працу, жыллё і страхоўку ў комплексе. Калі эмігрант раптоўна звальняецца, ён таксама губляе дах над галавой і часта становіцца бяздомным.

У Амстэрдаме бяздомным імігрантам дапамагае арганізацыя Regenboog, якая мае два прытулкі. Сацыяльны работнік з гэтай арганізацыі Эва Вельгат паведаміла Польскаму радыё, што імігрантаў часта накіроўваюць у прытулак шпіталь ці паліцыя. Шмат людзей знясіленыя ад доўгатэрміновага шукання дапамогі і знаходзяцца ў цяжкой псіхічнай сітуацыі.

Паводле Эвы Вельгат, у Польшчы неабходна весці прафілактычную дзейнасць, каб людзі, якія плануюць выехаць на працу за мяжу, ведалі, чаго чакаць.

Бяздомныя імігранты спяць у лясах, парках, на руінах будынкаў і лесвіцах. Муніцыпалітэты ствараюць усё новыя і новыя прытулкі для гэтых людзей.

ПР/юл