Кіраўнік нямецкай выведкі агучыў сцэнар, пры якім Расія будзе гатовая да нападу на працягу дзесяці гадоў.
— Ваеннае супрацьстаянне становіцца магчымым варыянтам для Крамля, — заявіў Бруна Каль (Bruno Kahl) падчас мерапрыемства, арганізаванага Нямецкай радай па міжнародных адносінах, яго цытуе медыя Zeit.
Такім чынам, Расія рыхтуецца да вайны з Захадам і да канца дзесяцігоддзя расійская армія будзе здольная ажыццявіць наступ, як у асабовым складзе, так і ў матэрыяльным плане.
Па словах Каля, не варта чакаць шырокамаштабнага нападу на еўрапейскія краіны НАТА. Хутчэй, Расія можа паспрабаваць падарваць абавязацельствы па аказанні дапамогі, прапісаныя ў Паўночнаатлантычнай дамове — і такім чынам прывесці да распаду альянсу. Кіраўнік нямецкай выведкі спасылаўся на ацэнкі BND аб тым, што ў высокапастаўленых расійскіх урадавых чыноўнікаў цяпер ёсць сумненні наконт таго, «ці захаваецца абавязак аказваць дапамогу ў адпаведнасці з артыкулам 5 у надзвычайнай сітуацыі». Кіраўнік выведкі заявіў, што пакуль няма ніякіх прыкмет канкрэтных ваенных намераў Расіі. «Але калі такія погляды атрымаюць верх у расійскім урадавым цэнтры, рызыка ўзброенага канфлікту ў бліжэйшыя гады ўзрасце».
Расія зацікаўленая ў правале НАТА як абарончага альянсу, сказаў Каль. З пункту гледжання Расіі, гэтая мэта была б дасягнута, калі б арт. 5 не быў выкананы ў выпадку атакі.
Бруна Каль назваў магчымыя сцэнары, сярод іх — абмежаваная інтэрвенцыя з удзелам «зялёных чалавечкаў» у краіны Балтыі пад падставай абароны рускай меншасці. Каль таксама заявіў, што Расія паспрабуе падзяліць НАТА да магчымай вайны. Гэта можа адбыцца, напрыклад, калі Расія прыцягне на свой бок асобныя краіны-ўдзельніцы Альянсу. Уладзімір Пуцін «выпрабуе чырвоныя лініі Захаду і прывядзе да далейшай эскалацыі», мяркуе кіраўнік BND.
PAP/вх