Польскія еўрадэпутаты мабілізуюцца ў Бруселі. Яны хочуць змагацца за стварэнне новага фонду Еўрасаюза, якім маглі б карыстацца ўсходнія ваяводствы. Гаворка пра дадатковыя грошы для інвестыцый у памежныя рэгіёны. Яны падтрымалі б Польшчу і іншых суседзяў Расіі.
У бюджэце Еўрасаюза на 2025 год плануюцца сродкі на падтрымку ўмацавання ўсходняй мяжы. Праблема ў тым, што, па-першае, чаканая сума далёкая ад патрэб, пра якія паведамляюць памежныя рэгіёны. Па-другое, гэтай сумай трэба будзе падзяліцца з іншымі краінамі. Па-трэцяе, яны прызначаны на падтрымку фізічнага ўмацавання мяжы. Між тым, у памежных рэгіёнах праблемай з'яўляюцца і эканамічныя наступствы.
З гэтых прычын польскія дэпутаты Еўрапарламента пачалі ствараць міжпартыйную кааліцыю ў Еўрапарламенце, каб аказаць ціск на новы склад Еўракамісіі з мэтай стварэння цалкам новага Фонду абароны і развіцця. Яго галоўнымі бенефіцыярамі былі б такія краіны, як Польшча, Румынія і краіны Балтыі.
«Памежныя рэгіёны, такія як Любліншчына, Падкарпацце і Падляшша, а таксама іншыя краіны, якія мяжуюць з Расіяй, Беларуссю і Украінай, прынялі на сябе асноўны цяжар расійскай агрэсіі і гібрыднай вайны. У выпадку Польшчы беспрацоўе ў памежных паветах дасягае 15-16 працэнтаў. Бачны адток інвестараў. Таму для гэтых рэгіёнаў неабходны спецыяльны фонд дапамогі і падтрымкі», - сцвярджае дэпутат Еўрапарламента Марта Вісла.
Наконт ідэі стварэння Фонду абароны і развіцця ўжо накіраваны ліст у Еўракамісію. Яго падпісалі каля 40 еўрадэпутатаў з розных фракцый.
ав